У Беларусі зніжаная колькасць населеных пунктаў, якія адносяцца да зоны радыеактыўнага забруджвання. Адпаведная пастанова Савета міністраў № 9 падпісаная 11 студзеня 2016 года, паведамляе прэс-служба ўрада.

Згодна з новым пералікам да зон радыеактыўнага забруджвання адносяцца 2.193 населеныя пункты і 52 аб'екты. У параўнанні з пералікам, зацверджаным пастановай Савета міністраў ад 1 лютага 2010 года № 132, колькасць населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання, змяншаецца на 203, колькасць аб'ектаў — на 20. У населеных пунктах, якія выведзеныя з зон радыеактыўнага забруджвання, пражывае 30.912 чалавек.

«Пры падрыхтоўцы пераліку выкарыстаныя звесткі аб шчыльнасці забруджвання глебаў цэзіем-137, стронцыем-90, плутоніем-238, 239, 240 паводле стану на 1 студзеня 2015 года, а таксама звесткі «Каталога сярэдніх гадавых эфектыўных доз апраменьвання жыхароў населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў каментарыі да пастановы.

Акрамя таго, 133 населеных пункты пераведзеныя ў менш жорсткія зоны радыеактыўнага забруджвання ў сувязі са змяншэннем шчыльнасці забруджвання глебаў радыенуклідамі, зніжэннем сярэдніх гадавых эфектыўных доз апраменьвання насельніцтва, паведамляе прэс-служба.

У параўнанні з папярэднім пералікам колькасць населеных пунктаў у зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем зменшылася з 1.900 да 1.827, у зоне з правам на адсяленне — з 478 да 353, у зоне наступнага адсялення — з 18 да 13.

Як прадугледжана новай пастановай, у сувязі са змяншэннем шчыльнасці забруджвання і зніжэннем дозы апрамянення насельніцтва 128 населеных пунктаў, якія знаходзяцца цяпер у зоне з правам на адсяленне, пяройдуць у зону пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем. З зоны наступнага адсялення ў зону з правам на адсяленне пяройдуць пяць населеных пунктаў.

Колькасць грамадзян, якія пражываюць у зонах радыеактыўнага забруджвання і на якіх распаўсюджваюцца нормы закона ад 6 студзеня 2009 года «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый», зменшыцца на 2,7%.

Пастанова набывае моц з дня яе афіцыйнага апублікавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?