Адпачынак па доглядзе дзіцяці, працягласць якога у Беларусі складае тры гады, можна скараціць да двух гадоў, лічыць памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды.

«Адпачынак па доглядзе дзіцяці ў Беларусі з'яўляецца адным з самых працяглых — тры гады, у Расіі — паўтара года, у Казахстане — адзін год. Эфект ад працяглага адпачынку па доглядзе дзіцяці неадназначны», — піша Руды ў артыкуле, апублікаваным у апошнім выпуску «Белорусского экономического журнала».

У ліку плюсоў працяглага адпачынку памочнік прэзідэнта называе паляпшэнне здароўя маці і дзіцяці, стварэнне ўмоў для паспяховага груднога гадавання. «Пры гэтым большасць жанчын на працягу чатырох-шасці тыдняў аднаўляюцца пасля родаў, калі няма ўскладненняў. Таму многія еўрапейскія краіны даюць адпачынак, які аплачваецца, менавіта на гэты перыяд», — канстатуе Руды.

На яго думку, працяглы адпачынак па доглядзе дзіцяці мае шэраг мінусаў — адмоўна ўплывае на колькасць працоўнай сілы, валавы ўнутраны прадукт і стварае «дадатковыя стымулы да дыскрымінацыі на рынку працы». «Гэта перашкаджае назапашванню вопыту і вядзе да больш нізкіх заробкаў для жанчын. У цэлым, на прыкладзе АЭСР даказана, што адпачынак па доглядзе дзіцяці да аднаго года неабходны для паспяховага развіцця дзіцяці і забяспечвае здароўе маці, а адпачынак звыш двух гадоў не мае пэўных пераваг для здароўя і развіцця», — падкрэслівае Руды.

Ён лічыць, што апошнія звесткі паказваюць на аб'ектыўную магчымасць скараціць у Беларусі адпачынак па доглядзе дзіцяці да двух гадоў. «Па-першае, грудное гадаванне. Для груднога гадавання аптымальным з'яўляецца тэрмін адпачынку два гады. У Беларусі 19% дзяцей ва ўзросце да шасці месяцаў былі выключна на грудным гадаванні, а 41,4% — пераважна на грудным. У сярэднім па рэспубліцы працягвалі знаходзіцца на грудным гадаванні 27,9% дзяцей ва ўзросце 12—15 месяцаў і 11,5% ва ўзросце 20—23 месяцаў», — канстатуе Руды.

Паводле афіцыйных звестак, адзначае ён, 66,1% беларускіх дзяцей ва ўзросце да шасці месяцаў і 66,5% ва ўзросце да 23 месяцаў знаходзіліся на штучным гадаванні.

Яшчэ адзін фактар, які гаворыць на карысць магчымасці скарачэння адпачынку па доглядзе дзіцяці, — гэта датэрміновы выхад жанчын на працу. «Для забеспячэння больш высокага даходу беларускія жанчыны часам датэрмінова выходзяць з адпачынку па доглядзе дзіцяці», — адзначае Руды.

Ён звяртае ўвагу на тое, што калі ў сярэднім у апошнія гады ў Беларусі налічвалася прыкладна 110 тысяч родаў за год, то колькасць тых, хто датэрмінова выйшаў з дэкрэтнага адпачынку, — 14 тысяч (10-13%).

«Такім чынам, трохгадовы дэкрэтны адпачынак паўнавартасна выконвае сваю функцыю толькі ў першыя два гады. Дадатковы год з'яўляецца, хутчэй, вынікам недахопу дашкольнай інфраструктуры, звычкі, іншых прычын, наўпрост не звязаных з доглядам дзіцяці», — піша Руды.

Скарачэнне дэкрэтнага адпачынку на год можа забяспечыць рост эканомікі на 2,3%, адзначаецца ў артыкуле.

Нагадаем, у канцы 2015 года хвалю незадаволенасці выклікалі словы сустаршыні Беларускага саюза жанчын Антаніны Моравай аб тым, што трохгадовы дэкрэтны адпачынак — гэта марнатраўства. Пазней Морава апраўдвалася, што яе словы нібыта перакруцілі і «тры гады ў дэкрэце — гэта добра».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?