Нягледзячы на тое, што канчатковыя вынікі мінулага года ў знешнім гандлі Беларусі яшчэ не падведзеныя, ужо зразумела, што ў цэлым яго наўрад ці можна будзе назваць паспяховым. Больш чым на чвэрць (26,1%) скараціўся гандаль таварамі за 11 месяцаў 2015 проці аналагічнага перыяду 2014 года. Так, згодна з афіцыйнай статыстыкай, на лістапад ён склаў усяго толькі 52 мільярды даляраў.

Традыцыйна захоўваецца праблемнае адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі, і праблема за студзень-лістапад мінулага года дарасла да 2,8 мільярдаў даляраў (6,5% ВУП).

Урадам Беларусі ў свой час была распрацаваная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011—2015 гады, якая прадугледжвала рацыяналізацыю структуры замежнага гандлю. Цяпер можна з упэўненасцю сцвярджаць, што гэтага не адбылося. Асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі застаецца Расія, і менавіта з-за гэтай аднабокай арыентацыі адбылося пагаршэнне беларускага гандлёвага балансу.

У натуральным выражэнні наш экспарт вырас на 2%, а імпарт скараціўся на 10,8%. Але значную частку экспарту складаюць нафтапрадукты, і па гэтай пазіцыі адбылося рэкорднае скарачэнне экспарту ў грашовым выражэнні. На другім месцы антырэкордаў — скарачэнне прыбыткаў ад паставак беларускай нафты ў Еўропу. На трэцім — змяншэнне продажаў транспартных сродкаў, машын і абсталявання ў краіны СНД і, перш за ўсё, у Расію. Скарачэнне расійскіх закупак па гэтых пазіцыях адбылося на трэць, пры гэтым неабходна ўлічваць, што на долю Расіі прыпадае каля 40% агульнага аб'ёму экспарту Беларусі.

Аналагічныя тэндэнцыі праглядаюцца пры аналізе беларускага імпарту, дзе доля Расіі ўжо складае больш за 57%. Такім чынам можна прыйсці да лагічнай высновы, што асноўныя праблемы ў нашым замежным гандлю ўзаемазвязаныя з праблемамі Расіі. І сённяшняя сітуацыя шмат у чым вызначаецца падзеннем сусветных цэнаў на нафту і зніжэннем плацежаздольнага попыту ў Расіі.

У такой сітуацыі можна казаць шмат папулісцкіх прамоў аб неабходнасці пошуку новых рынкаў, але праблема заключаецца ў тым, што ў Беларусі канкурэнтаздольнай прадукцыі вырабляецца вельмі мала. І ў прыцягненні купцоў айчынныя вытворцы арыентуюцца на цану, а не на якасць тавараў. І, як вынік, нашы пакупнікі знаходзяцца ў бедных краінах, якія пры сённяшняй кан'юнктуры цэн на рэсурсы (цана газу карэлюецца з цаной нафты) становяцца ўсё бяднейшымі і таму не гатовыя павялічваць закуп тавараў. Таму, не змяняючы падыход да нашай сістэмы вытворчасці, дамагчыся вынікаў немагчыма.

Адмоўнае сальда гандлю таварамі часткова кампенсуецца за кошт станоўчага сальда гандлю паслугамі, якое склала 1,7 мільярда даляраў. Аднак, пры сучасным стане сусветных рынкаў, міжнародны абарот гандлю паслугамі паменшаў на 19% адносна ўзроўню аналагічнага перыяду за 2014 год. Значны рост у 12,7% бачны толькі ў экспарце тэлекамунікацыйных, камп’ютарных і інфармацыйных паслуг.

Вынікі 2015 года наглядна дэманструюць, што развівацца па ранейшым сцэнары ў Беларусі не атрымаецца. Прыцягнуць простыя замежныя інвестыцыі у аб'ёме, дастатковым для фінансавання адмоўнага гандлёвага сальда, не атрымліваецца, як і не атрымліваецца паспяхова размясціць партфельныя інвестыцыі. Затое штогод расце дзяржаўны доўг. Так, за першыя тры кварталы 2015 года прыцягнута знешніх дзяржаўных пазык на суму 1,8 мільярда даляраў. Фінансавыя сродкі пазычылі ў Расіі (1,3 млрд даляраў), банкаў Кітая (425,3 млн даляраў) і Міжнароднага банку рэканструкцыі і развіцця (47,8 млн даляраў). У выніку валавы замежны доўг на душу насельніцтва перавышае чатыры тысячы даляраў.

У 2015 годзе Беларусь звярталася ў Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця па крэдыт у тры мільярды даляраў, сродкі якога больш чым на 80% фарміраваліся б з расійскіх рэсурсаў, аднак станоўчае рашэнне прынята не было. У сярэдзіне студзеня 2016 года стала вядома, што ў Расіі ўведзеныя бюджэтныя абмежаванні і крэдыты замежным пазычальнікам выдавацца не будуць. Так што па новыя крэдыты прыйдзецца ісці ў МВФ, аднак там ад урада запатрабуюць правядзення рэальных рэформаў эканомікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?