Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Фота PAP/Marcin Obara.
Праграма Усходняга Партнёрства пацярпела фіяска, бо не давала Украіне і іншым краінам перспектывы членства ў ЕС, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі 29 студзеня, адказваючы на пытанні ў Сойме.
На думку Вашчыкоўскага, Усходняе партнёрства не заслугоўвае высокай ацэнкі, бо праграма не давала краінам — Украіне, Беларусі, Малдове, Арменіі, Грузіі і Азербайджану — шанцу на ўступленне ў Еўрасаюз.
Праграма, на думку палітыка, адводзіла згаданым дзяржавам толькі ролю буфернай зоны паміж Расіяй і ЕС.
«Мы адкінулі гэтую канцэпцыю як няправільную. [Усходняе партнёрства] стварала для гэтых краін ілюзію, але не стварала перспектывы членства ў Еўрасаюзе. Палітыка, прынятая папярэднім урадам [партыі Грамадзянская платформа], скончылася катастрофай, бо Еўрамайдан паставіў яе пад пытанне».
Кіраўнік польскай дыпламатыі падкрэсліў, што людзі ў Кіеве ў 2013 годзе выйшлі на Майдан з жаданнем быць часткай ЕС, а не заставацца ў сенцах.
«Таму нельга назваць праграму паспяховай, яны [ўкраінцы] паставілі пад сумнеў менавіта Партнёрства і захацелі членства», — сказаў Вашчыкоўскі.
Міністр таксама раскрытыкаваў курс свайго папярэдніка Радаслава Сікорскага, які быў міністрам замежных спраў Польшчы ў 2007—2014 гг.
Вашчыкоўскі звярнуў увагу, што Сікорскі хацеў наблізіць Варшаву да цэнтра прыняцця рашэнняў у ЕС шляхам супрацоўніцтва з Германіяй, аднак гэты сцэнар не стаў рэальнасцю.
«Аказалася, што набліжаючыся да Германіі, мы не становімся суб'ектам, які рэалізуе еўрапейскую ўсходнюю палітыку. Ні ў «Нармандскім фармаце», створаным немцамі, ні ў «Мінскім» Польшчы не аказалася», — заявіў палітык.
Згодна з канцэпцыяй Вашчыкоўскага, Польшча цяпер не аддаляецца ад Нямеччыны, а папросту хоча быць бліжэйшай да Брытаніі і краін Вышаградскай чацвёркі.
Нагадаем, што Усходняе партнёрства — гэта праграма, накіраваная на ўмацаванне супрацоўніцтва паміж ЕС і шасцю дзяржавамі Усходняй Еўропы і Паўднёвага Каўказа, створаная ў 2009 годзе па ініцыятыве Польшчы і Швецыі.
29 студзеня міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі прэзентаваў у Сойме даклад аб сітуацыі і перспектывах развіцця польскай замежнай палітыкі. Вашчыкоўскі ў сваім выступе назваў Расію галоўнай пагрозай бяспецы Польшчы, звярнуў асаблівую ўвагу на іміграцыйны крызіс у Еўропе і жаданне Варшавы размясціць пастаянныя базы НАТА на сваёй тэрыторыі.