«У нас прынялі заяву на гастрольнае пасьведчаньне ды папрасілі прадставіць тэксты песень, якія будуць выконвацца. Я даслаў вершы Ўладзімера Маякоўскага і Рыгора Барадуліна, на якія былі запісаныя мае альбомы. Менавіта Барадуліну меркавалася прысьвяціць гэты выступ, таму і абралі 24 лютага, дзень яго нараджэньня. Тыдзень у ідэалягічным аддзеле вычытвалі гэтыя тэксты, а потым адмовілі ў правядзеньні», — распавёў парталу Tuzin.fm Зьміцер Вайцюшкевіч.

Ва ўпраўленьні ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму патлумачылі, што рашэньне аб нявыдачы гастрольнага пасьведчаньня было выдадзена ў адпаведнасьці з пунктам 16 указу кіраўніка дзяржавы №257. У ім пералічаныя наступныя прычыны: выяўленыя экспэртнай камісіяй элемэнты прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці, супадзеньне часу і месца правязеньня мерапрыемства зь мерапрыемствам, раней заплянаваным арганізатарам, наяўнасьць у пададзеных дакумэнтах непраўдзівых зьвестак, а таксама прычыну, якую можна трактаваць як заўгодна — «парушэньне іншых патрабаваньняў дадзенага палажэньня ды іншых актаў заканадаўства». Больш дэтальна канкрэтызаваць прычыну адмовы ў Менгарвыканкаме адмовіліся.

Арганізатарам канцэрту Вайцюшкевіча быў Леанід Дзінэрштэйн. «Я люблю тое, што робіць Зьміцер. І ён робіць можа быць больш за астатніх. Гэта чыстае мастацтва, і я не бачу, што ад яго сыходзіць агрэсія, накіраваная супраць дзяржавы. Таму ад такога рашэньня шкоды той жа дзяржаве больш, чым карысьці. Лічу яго абсалютнай глупасьцю», — заявіў прамоўтэр у камэнтары для Tuzin.fm. Ён таксама паведаміў, што празь некаторы час зьбіраецца паўторна падаць заяву.

На гэтым тыдні на атрыманьне гастрольнага пасьведчаньня падае таксама гурт Cяргея Міхалка Brutto.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?