У вырашальных гульнях матчу Кубка Дэвіса Беларусь — Швейцарыя 13 красавіка за гаспадароў выступяць Максім Мірны і Уладзімір Валчкоў. Пра гэта паведаміў журналістам капітан беларускай зборнай Дзмітрый Татур, падводзячы вынікі першых двух дзён.

Такім чынам, Уладзімір Валчкоў заменіць 17-гадовага Уладзіміра Ігнаціка, які ў якасці другога нумара павінен быў у нядзелю выйсці на корт супраць другой ракеткі гасцей Стэфана Балі. Д. Татур не стаў адказваць на пытанне, чаму ў першы дзень замест У.Валчкова выйшаў У.Ігнацік, абмежаваўшыся фразай «Ігнацік быў гатовы гуляць». Раней ён назваў замену «нечаканай».

Пасля двух адзіночных і парнага паядынкаў беларусы ўступаюць з лікам 1:2. Паводле слоў капітана, быў праведзены аналіз пятнічных паражэнняў, у прыватнасці няўдачы М. Мірнага і У. Ігнаціка ў гульні на тай-брэйку. «Магло быць не 0:2, а 2:0 на нашу карысць», — лічыць Дз. Татур. Матч У. Ігнаціка супраць лідэра швейцарцаў Станісласа Ваўрынкі капітан назваў «цудоўным». «Упершыню за апошнія 10—12 гадоў у нас з'явіўся такі гулец. Ён на роўных змагаўся з гульцом першай трыццаткі сусветнага рэйтынгу і, спадзяюся, яшчэ не раз парадуе нас», — сказаў Дз. Татур.

Пераломным момантам у парнай сустрэчы, якую гаспадары выйгралі, М. Мірны лічыць канцоўку другога сэта, калі пры ліку 4:3 удалося ўзяць падачу саперніка (выніковы лік 3:6, 6:3, 6:1, 6:2).

На думку лідэра беларускай зборнай, шанцы на агульную перамогу не страчаны: «Мне не прывыкаць пачынаць трэці дзень, калі мы прайграем. Гісторыя паказвае, што ў трэці дзень я гуляю добра. Пераспім ноч, і будзем гуляць».

Як зазначыў капітан зборнай Швейцарыі Севярын Люці, каманда «разлічвала ў ідэале» вырашыць зыход матчу ўжо ў суботу, аднак у сапернікаў вельмі моцная пара: «Мірны — адзін з вядучых парных гульцоў, а Валчкоў цудоўна гуляе ў дуэтах на Кубку Дэвіса». Адзін з удзельнікаў швейцарскай пары Іў Алегро прызнаў, што пасля выйгранага першага сэта была страчана псіхалагічная ўпэўненасць. «Гэта вельмі цяжка, калі ўвесь час штосьці хочаш зрабіць, а нічога не атрымліваецца», — паскардзіўся гулец.

Тым не менш, паводле слоў капітана зборнай гасцей, каманда павінна быць гатова ўзяць у нядзелю пераможнае ачко.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?