Нарэшце з’явіўся міністр адукацыі з разумным выразам твару і добрымі намерамі рэфармавання нашай выродлівай адукацыі. Ды толькі хто яго падтрымае? Адміністрацыя школ? Нашы троечніцы моцна трымаюць рубяжы ўсяго, што паспелі накапіць па заняволенні настаўнікаў.

Bel.sputnik.by.

Bel.sputnik.by.

Выкараніць паператворчасць? Дзе ж там!

Марнуем паперу кілаграмамі, ды яшчэ і дублюем тое ж самае ў электронным варыянце, каб паказаць, якія мы «прасунутыя».

І ўсё застанецца па-ранейшаму: распрананне «дзетак» у гардэробе. Дзеткі — ад 186 см да 2 метраў. Усе — члены БРСМ. Вывад у сталовую. Кармленне. Апрананне ў гардэробе. Вывад дадому.

І ў туалеты водзім, каб не курылі, каб петарды ва ўнітаз не кідалі, каб у заклад не забівалі рулоны туалетнай паперы ў трубы. «Заб’е — не заб’е?»

Манім з 6 раніцы да 12 ночы: дома, у школе, на ТБ, у прэсе. Манім адно аднаму і сабе.

Рэформы? Адпішамся! Адбрэшамся. Адрапартуем. У чарговы раз. Пералічым усіх сваіх геніяў, пераможцаў над усімі ва ўсім свеце. Успомнім Гандурас і Данбас, дзе ўсё яшчэ горш. Праспяваем оду — усяму народу: «Вся страна сіл полна, дальше всех пойдёт она!» Ужо прыйшла… Нашто нейкія там рэформы!? Нашым начальнікам жылося добра раней, выдатна жывецца цяпер, а жыць яшчэ лепей яны будуць у недалёкай будучыні.

Будзем рабіць выгляд самай спартыўнай нацыі, душачыся ў транспарце з вучнямі, вяртаючыся з чарговага хакея ў чарговай арэне. І на ўсе пытанні сацапытанняў адказваць з жыццярадаснай усмешкай блазнаў: усім задаволеныя, усе пагалоўна шчаслівыя, «гэта наш выбар», нам зайздросцяць усе. А чаму б і не?

Мне падабаецца ўсё: надвор’е, прырода, ахова здароўя, адукацыя, пенсійныя рэформы, апарат МУС, міністр гэтага апарата — бравы камісар без пыльнага шлема. Падабаюцца нашы аўтобусы, тралейбусы, жывёлагадоўля, ЖЭСы, турмы — усё!

Паспрабуй сказаць, што штосьці не так: «Не падабаецца — з’язджайце!» — навучыліся біць па апанентах.

Адкажу кожнаму і ўсім паасобку. Тут усё маё, і я адсюль родам! І не вам, камісары НКВД, у шлемах і без іншых, указваць мне, дзе жыць і як жыць! Настаўнік павінен быць Настаўнікам, а не служкам і рабом. Вось на гэта і трэба накіраваць усе рэформы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?