На сустрэчы з ІП прадстаўнікі МПЗ анансавалі некалькі новаўвядзенняў, якія можна ў нейкай ступені назваць саступкамі. Першая «навінка» парадуе тых іпэшнікаў, у якіх некалькі гандлёвых месцаў на адным рынку. Такім гандлярам паабяцалі, што яны змогуць перамяшчаць тавары ўнутры аднаго гандлёвага цэнтра або рынку, які знаходзіцца па адным адрасе, а таксама паміж гандлёвымі аб'ектамі аднаго ўласніка без афармлення таварных і таварна-транспартных накладных.

Яшчэ адзін слізкі момант тычыцца сітуацый, калі контрагент дзяржавы, на тэрыторыі якога ІП купіў тавары, адмаўляецца пацвердзіць факт продажу. Па аповедах прадпрымальнікаў, такія выпадкі — далёка не рэдкасць у адносінах з расійскімі прадаўцамі. Дык вось іх паказанні не будуць лічыцца «безумоўным доказам факту адсутнасці здзелкі».

«Пры правядзенні падатковымі органамі праверак суб'ект, які правяраецца прызнаецца сумленна выконваючым заканадаўства, пакуль не будзе даказана іншае з улікам комплекснага вывучэння ўсіх абставінаў здзяйснення здзелак з таварам», - удакладнілі ў Мінэканомікі.

«Прадстаўнікі МПЗ сказалі на пасяджэнні, што адмова расійскіх суб'ектаў гаспадарання пацвердзіць здзелку не будзе падставай для канфіскацыі тавараў. Пры гэтым МПЗ не адмаўляецца ад праверак, — падзяліўся вынікамі сустрэчы лідар грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. — Я прапанаваў МПЗ закрыць справу полацкіх прадпрымальнікаў, разборы супраць якіх былі заснаваныя менавіта на паказаннях расійскага партнёра. Да таго ж, мы патрабуем, каб МПЗ распрацавала дакладны алгарытм — як адрозніць прадаўца ў Расіі».

Нагадаем, у снежні падатковая распавяла іпэшнікам, якія закупляюць тавар у Расіі, як адрозніць добрасумленных прадаўцоў ад «нелегальных».

Мяркуючы па ўсім, іпэшнікі змірыліся з тым, што славуты ўказ №222 не будзе скасаваны. Праўда, спіс патрабаванняў да ўладаў у іх усё роўна маецца. У яго ўваходзіць прапанова спрасціць пацверджанне набыцця дробных партый тавараў і ўвядзенне «амністыі» за парушэнні ў дакументах на тавары, набытыя ў прамежку з 1 ліпеня 2014 года па 1 студзеня гэтага года, адзначылі ў Мінэканомікі.

Улады паабяцалі разгледзець гэтыя пытанні на наступнай сустрэчы ў Мінэканомікі, якая запланавана на 24 лютага.

«Да гэтага часу ўдзельнікі рабочай групы павінны зрабіць пэўнае хатняе заданне - нарыхтаваць шэраг прапаноў і іх абгрунтаванне, каб мы ішлі далей, - распавёў старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін. — Перамовы няпроста ідуць, але ўсё-ткі паэтапна пачынаем разбірацца. І чыноўнікі сталі лепш разумець праблемы, і прадпрымальнікі пачалі лепш тлумачыць свае прапановы».

Акрамя таго, чатыры ведамствы — Дзяржстандарт, Мінгандлю, Міністэрства аховы здароўя і Мінсельгасхарч — да 26 лютага павінны спрасціць для іпэшнікаў працэдуру пацвярджэння дакументаў аб якасці і бяспекі тавараў пры іх рознічным продажы. Як абяцаюць улады, ІП досыць паказаць правяральшчыкам суправаджальныя дакументы, у якіх будзе інфармацыя аб якасці тавару.

«Калі перамовы ні да чаго не прывядуць, то застанецца шлях правядзення масавых акцый пратэсту», - кажа Анатоль Шумчанка. Але да гэтага, на думку лідэра «Перспектывы», трэба разгледзець усе іншыя варыянты, у тым ліку выйсці на ўзровень прэм'ер-міністра.

Нагадаем, у панядзелак, 15 лютага, у Мінску адбылася акцыя прадпрымальнікаў, на якой сабралася некалькі соцень чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?