Сёлетні фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» будзе ўжо 17-м па ліку і пройдзе 21—22 ліпеня. Пэрыяд актыўнай падрыхтоўкі да сьвята рок-музыкі пад адкрытым небам распачаты! Вось асноўныя даты ў падрыхтоўцы фэстывалю:
11 траўня
Падвядзеньне вынікаў конкурсу на лепшы лягатып для «Басовішча-2006».
Лягатып на конкурс мусіць быць адаптаваны да трох відаў традыцыйнай прадукцыі на «Басовішчы»: плякат, значак, майка.
Дапускаецца пэўнае адрозьненьне выяваў на гэтых трох носьбітах, але яны мусяць быць у адным стылі. Вітаецца дасыланьне працаў у вэктарным фармаце (cdr, ai, eps).
Кожны можа даслаць свой варыянт на конкурс Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы (БАС). Электронны адрас: [email protected].
Пераможцу чакае прыз у 650 злотых (каля 200 даляраў).
28 траўня
Да гэтай даты прымаюцца дэма-запісы ад зацікаўленых гуртоў. Найлепшыя трапяць на адборачны канцэрт.
11 чэрвеня
Да гэтай даты будзе вызначана, хто едзе на «Басовішча-2006» у якасьці канкурсантаў, а таксама гасьцей фэстывалю і запрошаных зорак. Большасьць канкурсанаў абярэ журы падчас адборачнага канцэрту. Яшчэ адзін гурт абяруць інтэрнэт-галасаваньнем на сайце «Тузін Гітоў».
1 ліпеня
Вызначэньне гуртоў-удзельнікаў «Вольнай сцэны». Гэта пляцоўка на «Басовішчы» для тых, хто не бярэ ўдзелу ў конкурснай праграме. Каб трапіць туды, гурты мусяць даслаць свой дэма-запіс арганізатарам да 1 ліпеня.
Заяўка
ад гурту на ўдзел у конкурснай праграме «Басовішча» мусіць уключаць запіс адной (ці болей) песень па-беларуску на CD-носьбіце. Яшчэ абавязковай ўмовай зьяўляецца наяўнасьць 20-хвіліннай музычнай праграмы па-беларуску. Таксама музыкі-ўдзельнікі на момант правядзеньня адборачнага канцэрту мусяць мець у пашпартох штампікі з дазволам на выезд за мяжу.
Адрэсу для дасылкі дэма-запісаў можна даведацца, патэлефанаваўшы па нумарох: 6855239 ці 2646974.
Уся падрабязная інфармацыя пра «Басовішча-2006» рэгулярна зьяўляецца на сайце studenty.by.