У хуткім часе ў Беларусі павінна з’явіцца першае выданне адной з самых папулярных кніг ХХ стагоддзя – знакамітых «Хронік Нарніі» К.С.Льюіса. Арганізатары збіраюць грошы на першую кнігу праз краўдфандынгавую пляцоўку talaka.by . 

Ілюстрацыі арганізатараў.

Ілюстрацыі арганізатараў.

Андрэй Кім, адзін з арганізатараў, даў невялікае інтэрв'ю «Нашай Ніве» і распавёў падрабязней пра кнігу.

НН: Распавядзі, калі ласка, падрабязней пра ідэю выдання беларускамоўных «Хронік Нарніі».

АК: Ідэя перакласці адну з самых прадаваных у свеце кніг прыйшла мне ў 2008 годзе, калі я сядзеў на «Валадарцы». Я прачынаўся, было пастраенне, пасля я адказваў на лісты, а потым перакладаў кнігу. Неўзабаве знайшліся яшчэ некалькі чалавек, праўда ўжо на волі, якіх гэта зацікавіла. І зараз мы дайшлі да таго моманту, калі яе трэба выдаць. 

«Хронікі Нарніі» перакладзеныя на 49 моваў. Беларуская ж мова не выключэнне, таму і вырашылі стварыць такі краўдфандынгавы праект. Тым больш, што мова будзе ганаровай, 50-й. 

Не адзін год мы абмяркоўвалі, як гэта зрабіць, але вось цяпер вырашылі дзейнічаць. Але мы не хочам зрабіць нешта для галачкі, мы самі вялікія аматары творчасці Льюіса і Толкіна. У нас нават выявы ў кнізе будуць арыгінальныя. Усё будзе афіцыйна, мы падпішам дамовы з праваўладальнікамі. Адзінае, што мы вырашылі не браць арыгінальную вокладку, а звярнуліся да аднаго з самых лепшых ілюстратараў, які намаляваў нам прыгожага Пегаса.

Мы робім вялікі наклад, бо кніга насамрэч сусветная, і яе варта прачытаць кожнаму. Таксама плануем зрабіць і аўдыёкнігу, якая будзе даступная ў інтэрнэце. Нашай мэтай было стварыць аналаг, які быў бы лепш за ўсе папярэднія, каб нам не было сорамна. 

НН: Якім чынам вы збіраеце грошы?

АК: Мы збіраем грошы праз talaka.by, таксама зрабілі сайт narnia.by, на якім ёсць уся інфармацыя пра праект. 

На сённяшні момант сабрана 35% ад патрэбнай сумы. Сапраўды кожны, хто паўдзельнічае, па-сутнасці, трапляе ў гісторыю. У нас ёсць пэўныя ўзнагароды за ахвяраванні. Напрыклад, за 100 тысяч вы атрымаеце магнітную закладку «Хронікі Нарніі», а за 1,5 мільёны вас узгадаюць у кнізе. А за 3 мільёны вы можаце стаць адным з галоўных герояў (смяецца).

У гэтым і вартасць гэтай кнігі, што яна робіцца супольна і аб'яднае беларусаў, якія хочуць, каб як мага больш разнастайнай беларускамоўнай літаратуры ў нас было. Калі справы пойдуць добра, мы плануем выдаваць па 2 кнігі ў год (маюцца на ўвазе часткі «Хронік Нарніі»).

НН: Але як зрабіць так, каб гэта быў падарунак не толькі для беларускамоўных беларусаў?

АК: Ёсць два моманты. Па-першае, гэта гістарычнае выданне. То бок па-руску «Хронікі Нарніі» выдаваліся шмат разоў. Цяпер ёсць магчымасць у кожнага аматара чытаць увайсці ў гісторыю, заплаціўшы нават невялікую суму. 

Нават можна зрабіць падарунак дзіцяці, мы можам напісаць не абавязкова імя ахвяравальніка, але і сваякоў. Гэта ж круты падарунак! Гэта будзе вельмі класнае і дарагое выданне. Гэта дапаможа аб'яднаць беларусаў перад унікальнай беларускамоўнай кнігай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?