Падчас цырымоніі ўручэння прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча Анатоль Івашчанка абвясціў пра сваё рашэнне падтрымаць сям’ю Алеся Юркойця.

«Негалосны збор сродкаў на дапамогу Алесю ідзе ўжо даўно. Ён цяпер знаходзіцца ў складаным становішчы, колькі яно працягнецца – не ведае ніхто. – патлумачыў свой учынак Анатоль Івашчанка. – Сям’я, трое дзяцей гадуюцца без гаспадара. Варта падтрымаць чалавека, які столькі год жыцця аддаў беларушчыне, у тым ліку папулярызацыі беларускай літаратуры на Астравеччыне».

Нагадаем, учора Анатоль Івашчанка стаў лаўрэатам прэміі «Дэбют» імя М. Багдановіча у намінацыі «Проза» за кнігу «Анаталогія». Прэмія лаўрэату складае 2000$ у рублёвым эквіваленце.

Падследны «Валадаркі» і адзін з фігурантаў па справе карупцыі на Ашмянскай мытні, краязнаўца Алесь Юркойць знаходзіцца за кратамі ад сакавіка 2015 года. 

Літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, фондам «Вяртанне» і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Уручаецца за дэбютную кнігу аўтарам да 35 гадоў і даецца за творы ў жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч: паэзія, проза, мастацкі пераклад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?