Сімона Косак. Яе называлі «вядзьмаркай», таму што яна размаўляла з жывёламі і завяла сабе крумкача-тэрарыста, які краў золата і нападаў на веласіпедыстаў. Больш за трыццаць гадоў яна пражыла ў драўлянай леснічоўцы пасярод Белавежскай пушчы, на польскім яе баку, без вады і электрычнасці.
Яна спала ў ложку з рыссю і жыла пад адным дахам з ручным дзіком. Сімона была навукоўцам, эколагам, аўтарам адзначаных узнагародамі фільмаў і радыёпастановак. Актыўна клапацілася аб самым старым лесе ў Еўропе. Яна лічыла, што варта жыць проста, у блізкіх стасунках з прыродай. Жывёлы далі ёй тое, чаго яна не атрымала ад людзей.
Праўнучка Юліуша Косака, унучка Войцеха Косака, дачка Ежы Косака — трох мастакоў, творчасць якіх прысвечана польскай гісторыі і пейзажу. Пляменніца Марыі Паўлікоўскай-Яснажэўскай і Магдалены Самазванец. Яна павінна была нарадзіцца хлопчыкам і стаць чацвёртым Косакам, каб з гонарам насіць мальберт і славутае імя. Але яна абрала ўласны шлях.
Эльжбета Косак, маці Сімоны
Эльжбета Косак, маці Сімоны, славілася неймавернай прыгажосцю і вытанчанымі манерамі. Фота: сямейны архіў Косакаў
Маці Сімоны, […] Эльжбета Дзенчалоўская-Смялоўская, перш, чым стаць жонкай Ежы Косака, была яго каханай. Яе раман з Ежы Косакам развіваўся гадамі. Косак, жанаты з Евай Косакавай, народжанай Капліньскай, пазнаёміўся з Эльжбетай (якая была маладзейшай за яго на дваццаць чатыры гады), хутчэй за ўсё, у сярэдзіне трыццатых гадоў. Гэта, як можна меркаваць, быў раман настаўніка і вучаніцы. Каханне жанчыны, якая мела хараство, і мужчыны, які меў славутае імя. А таксама жонку і дачку. Гісторыю гэтага рамана можна прасачыць па карцінах Ежы Косака. У 1935 годзе будучы бацька Сімоны напісаў партрэт бацькі Эльжбеты, Віктара Дзенчалоўскага. Сваё палатно ён падпісаў так: «Маёй дарагой Элюсіньцы ад таго, хто любіць Айца».
У сярэдзіне трыццатых гадоў Ежы і Эльжбета, хутчэй за ўсё, не толькі былі знаёмыя, але і адчувалі адно да аднаго сімпатыю. У 1937 годзе Косак напісаў карціну па матывах балады Адама Міцкевіча «Уцёкі». На карціне вершнік сціскае ў абдымках аголеную дзяўчыну, падобную да Эльжбеты. У ніжняй частцы карціны напісана: «Моцна каханай Бубусі ў дзень імянін». «Бубусяй» (і «Бабусяй») Ежы называў Эльжбету, калі яна ўжо стала яго жонкай.
Ежы Косак, бацька Сімоны
Ежы Косак, бацька Сімоны, як і яго продкі, любіў коней. Фота: сямейны архіў Косакаў
Чым Ежы прыцягнуў Эльжбету? Прозвішчам? Ці яна шукала ў сталым мужчыну бацьку? Напэўна, ён пакарыў яе не грашыма (у той час у Косакаў былі вялікія даўгі) і не прыгажосцю. Ён быў каржакаватым мужчынам, знешне мала нагадваў свайго прыгажуна-бацьку. Сімона аб шлюбе сваіх бацькоў казала: «Мая мама так закахалася ў бацьку, што ўсё тое, што было яго, аўтаматычна стала яе. […] Яны былі знаёмыя даўно, у мамы быў час, каб даведацца густы бацькі, і яна прыняла іх як свае. Яна ўвасабляла дом і традыцыю, любоў, якая панавала ў Касакоўцы».
Дзядзінка — тут або нідзе
«Сімона, паедзем у Дзядзінку, можа, табе там спадабаецца». Сімона адразу палюбіла гэтае месца. Больш за 30 гадоў яна жыла ў хацінцы пасярод Белавежскай пушчы. Фота — Лех Вільчэк
«Дзядзінка ўпершыню паўстала перад Сімонай у святле месяца, — успамінае Эва Высмулек. — Мы вырашылі паехаць туды ўначы. Мы ехалі па дарозе з паходнямі ўчатырох: муж, наняты фурман, я і Сімона. Раптам на Броўскую дарогу выйшаў зубр. Конь спыніўся як укапаны, мы спалохаліся, але ўсё ж даехалі. Сімона з першага погляду закахалася ў Дзядзінку». Праз гады Сімона апісала гэта падарожжа і сустрэчу з царом пушчы такім чынам: «Гэта быў першы зубр, якога я бачыла ў жыцці, не лічачы тых, што ў заапарку. Ну і гэта вітанне пры ўездзе ў пушчу: манументальны зубр, бель, снег, поўня, вакол бела-бела, прыгажосць […] і леснічоўка на зацішнай палянцы, уся ў снезе, гэта быў пакінуты дом, тут два гады ніхто не жыў. У цэнтральным пакоі не было падлогі, поўная разруха. І я паглядзела на гэты дом, пасярэбраны святлом месяца, каб было больш рамантычна, і сказала: усё, ці тут, ці нідзе!»
Косакаўка ў Дзядзінцы
Інтэр'ер хаткі лесніка «Дзядзінка» Сімона запоўніла памятнымі прадметамі з роднай Касакоўкі. Фота — Лех Вільчэк
Перш чым пасяліцца ў Дзядзінцы, дом трэ' было адрамантаваць. Супрацоўнікі Белавежскага нацыянальнага парку паправілі дзіравы дах, замянілі лагі, ліквідавалі грыбок і сказалі, што на пяць гадоў хопіць (і сапраўды, на гэты час і хапіла). Пасля рамонту Сімона стала ўладкоўваць сваю частку Дзядзінкі. Яна клеіла шпалеры, мыла вокны, паставіла канапу, лаўку, мяккія крэслы, якія прыехалі сюды з Кракава. З Касакоўкі яна прывезла вялікі гадзіннік, турэцкі кінжал, карункавыя абрусы і фіранкі, кнігі, газавыя лямпы, прас на вуголлі, калекцыю зброі, шкатулкі з чорнага дрэва, а таксама шкло, фарфор, шафкі ў гуральскім стылі і дубовы ложак. Каля дзвярэй яна павесіла дубальтоўку з калекцыі Косакаў. У кутку пакоя Сімоны стаяла вялікая старамодная кафляная печ. Пасярэдзіне — працоўны стол з газніцай.
«Ралі Парыж—Дакар»
«Нешта на мапедзе», або Сімона Косак едзе ў паляўнічы домік у Дзядзінцы. Фота — Лех Вільчэк
Першы Косак ездзіў верхам і на дрожках, другі верхам, на дрожках і на аўто, а трэці на тым жа, на чым ездзілі яго продкі. Сімона ездзіла на веласіпедзе, мапедзе «Камар», малалітражным «Фіяце», на ўседарожніку, трактары, на бегавых лыжах.
На гэтых транспартных сродках яна пераадольвала шлях з Белавежы ў Дзядзінку сотні разоў. Дарога, якую некаторыя называюць «траса Парыж—Дакар», танула ў вадкай гразі, і да таго ж яе разбівалі лесавозы, якія везлі з пушчы дубы. «Неяк раз, — успамінае Томаш Вяркоўскі, паляўнічы з Белавежскай пушчы, — я ўбачыў нешта на мапедзе: валасы ва ўсе бакі, шлем пілота, штаны з трусінага футра, акуляры-кансервы. Гэтае «нешта» праехала міма, і я нават павярнуўся, бо не зразумеў, што гэта такое праляцела. Справа была ў 1974 годзе. Вось тады я ўпершыню ўбачыў Сімонку». У Белавежы ўжо было некалькі прыватных аўтамабіляў, але ні адзін з іх не належаў Сімоне. Таму ўзімку яна ездзіла на працу на мапедзе, над рулём якога прымярзалі рукі. «Аднойчы мы з калегам ехалі на ўседарожніку па Белавежскай пушчы, — кажа,біёлаг Каятан Петшаноўскі. — Глядзім, хтосьці прадзіраецца скрозь гурбы з мапедам на спіне. Гэта была Сімона. Мы пасадзілі яе разам з мапедам у наш уседарожнік. Потым яна нам аддзячыла ў Дзядзінцы, разагрэўшы нам рондаль бігасу».
«Плюшавы» сябар
Сумесная трапеза ў кампаніі незвычайнага дамачадца, Сімона са свінкай Жабкай. Фота — Лех Вільчэк
Дзікую аднадзённую свінку Жабку прывёз Лех Вільчэк, і менавіта дзякуючы гэтаму зверу жыхары Дзядзінкі [Сімона Косак і Лех Вільчэк] пазнаёміліся бліжэй. І пранікліся адно да аднаго сімпатыяй. Раней яна лічыла, што Лех фанабэрысты. Ён не заставаўся ў даўгу. Калі ў Дзядзінцы з'явілася свінка, Вільчэк папрасіў Сімону паклапаціцца пра яе ў час яго адсутнасці. Затым ён стаў «пазычаць» яе Сімоне. Потым свінка спала з імі ў ложках. Жабка вырасла ў дзіка памеру XXL і пражыла ў іх сямнаццаць гадоў. «Яна ахоўвала дом і хадзіла шпацыраваць як сабака, і ўсё часцей тулілася да гаспадароў і патрабавала ласкі!» — апісваў кракаўскі журналіст Збігнеў Шчвенх свой візіт у Дзядзінку.
Крумкач-тэрарыст
Сімона з крумкачом Кораскам, які краў золата і нападаў на веласіпедыстаў. Фота — Лех Вільчэк
Аб крумкачы людзі казалі, што гэта прапашчы бандыт і злодзей. Ён тэрарызаваў палову Белавежы. Крумкач краў пачкі з-пад цыгарэт, расчоскі, нажніцы, пасткі і нататнікі. Нападаў на людзей […], разрываў сядзенні ровараў. Краў дакументы, у лесе цягаў у дрывасекаў каўбасу і прарабляў дзіркі ў торбах з пакупкамі. Хапаў мужчын за калашыны, а жанчын цягнуў за спадніцы і дзёўб ім ногі. Людзі думалі, што Корасек (так клікалі крумкача) — гэта пакаранне за іх грахі. «Ён краў нават зарплату ў рабочых у лесе, — успамінае Станіслаў Мысьлінскі, у якога да гэтага часу засталіся шнары пасля нападу гэтай птушкі. — Ён скраў у мяне пропуск у запаведнік, выцягнуў яго ў мяне з кішэні, а затым цынічна парваў. Ён любіў нападаць на веласіпедыстаў, асабліва на дзяўчат. Гэта выглядала вельмі эфектна: крумкач пачынаў дзяўбці ездака ў галаву, той падаў з ровара, а крумкач пераможна сядаў на сядло і глядзеў на кола, пакуль тое не спыніцца».
«Неяк раз ён скраў у мяне ключы ад машыны і паляцеў у лес, — распавядае таварыш Сімоны, — а Лешэк [Вільчэк] мне на гэта: маўляў, не перажывай, ён верне. Узяў папліску і пачаў палохаць крумкача: «Суччын сын ты гэтакі, гэта ты скраў у майго сябра ключы?!» І папярэдзіў Корасека, што калі той аддасць ключы, то атрымае яйка, а калі не аддасць, то атрымае папліскаю. А крумкач як быццам усё зразумеў, бо даволі хутка прыляцеў да мяне ў раздражнёным настроі з ключамі ў дзюбе і дэманстратыўна кінуў іх на стол!»
«Я хадзіла па запаведніку без пропуску, — распавядае Бажэна Вайда. — Мяне ўбачыў ахоўнік парку, ён пайшоў за мной у Дзядзінку і пачаў выпісваць штраф. Калі ахоўнік уручаў мне запоўнены фармуляр, прыляцеў крумкач. Ён выхапіў паперку, паляцеў з ёй на дах Дзядзінкі і разарваў там яе сваімі лапамі. На мяне напаў прыступ смеху, я рагатала і не магла спыніцца, ахоўнік разгубіўся і, у рэшце рэшт, махнуў рукой. Калі я расказала пра гэта Сімоне, яна ледзь не памерла ад смеху».
Дух шляхецкіх традыцый
Эльжбета Косак, маці Сімоны, любіла жыццё ў Дзядзінцы. Два гады яна курсавала паміж Кракавам і Белавежай. Фота — Лех Вільчэк
Маці Сімоны, Эльжбета, два гады курсавала паміж Кракавам і Белавежай. Зімой яна вярталася ў Касакоўку. У яе была праблема са сцягном, і яна хадзіла на мыліцах, таму перасоўвацца па Дзядзінцы, дзе прыбіральня была ў двары, ёй было нязручна.
Аднак для жанчыны, выхаванай у шляхецкай традыцыі, гэта, напэўна, былі райскія ўмовы: жыццё ў адпаведнасці з рытмам прыроды, нарыхтоўка варэння, файф-о-клок. Жыццё ў Дзядзінцы летам сапраўды нагадвала сваёй атмасферай панскі побыт: чытанне пры святле газовак, развядзенне хатняй птушкі, часам пража воўны, і ўсё гэта пад штогадзінны бой гадзінніка з калекцыі Леха Вільчэка. Сімона цяпер жыла трохі як яе бабуля і, верагодна, так, як у дзяцінстве жыла яе маці, — гэта значыць як сапраўдная шляхцянка.
Так, як і яны, Сімона лячылася лекавымі травамі і ўжывала старадаўнія словы, накшталт «этажэрка», як яе маці і бабуля, сачыла за тым, у якім асяродку яна круціцца. У размове яна выкарыстала esprit de répartie, дасціпныя рэплікі — гэты талент, як і ў кожнага панскага дзіцяці, быў у яе з дзяцінства. Але перш за ўсё, яна не «брала ад жыцця ўсё», а ставілася да яго як да задачы, а часам і як да місіі.
Член статка
Сімона са статкам казуль. Фота — Лех Вільчэк
«Маленькі статак маіх казуль, якіх я выгадавала з бутэлькі, а потым многія гады суправаджала ў вандроўках па лесе, — успамінала Сімона Косак, — аднойчы стаў праяўляць прыкметы спалоху, страху і адмаўляўся выйсці пасвіцца ў лес. І я пайшла ў напрамку маладога ляска, таму што менавіта туды жывёлы глядзелі, натапырыўшы вушы і падціснуўшы хвасты; было зразумела, што нейкую вельмі вялікую небяспеку яны адчуваюць адтуль. Такім чынам, я прайшла прыкладна палову шляху па адкрытай прасторы і раптам спынілася як укапаная, пачуўшы за сваёй спінай дружны, поўны жаху брэх, я павярнулася, і што ж я бачу? […] Пяць маіх казуль стаялі на напружаных прамых ножках, глядзелі на мяне і гаварылі мне сваім брэхам: не бяжы туды, не ідзі туды, там смерць! Шчыра кажучы, я аслупянела, але потым пайшла. І што ж аказалася? У гэтым маладняку я знайшла свежыя сляды рысі. Я прайшла далей углыб гушчару і знайшла экскрыменты рысі — і яны сапраўды былі цёплыя: я памацала іх рукой. Што гэта значыла? Гэта значыла, што ў наш гадавальнік прабраўся небяспечны драпежнік, казулі яго заўважылі, уцяклі ў страху, і што яны ўбачылі? Калі маці ідзе на верную смерць, яе трэба папярэдзіць, і для мяне, шчыра прызнаюся, гэты дзень стаў пераломным днём. Я перасекла мяжу, якая аддзяляе свет жывёл ад свету людзей. Калі б нас аддзяляла ад жывёл шкло, неадольная сцяна, іх бы не занепакоіў мой лёс. Мы — казулі, яна — чалавек, якая нам справа? Калі яны мяне папярэдзілі […], гэта азначае толькі і выключна адно: ты член нашага статка, мы не хочам, каб ты пацярпела. Шчыра прызнаюся, што я перажывала гэтую падзею на працягу многіх дзён і ўласна сёння, калі я думаю пра гэта, я адчуваю, як на сэрцы становіцца цёпла. Гэта доказ таго, як можна пасябраваць са светам дзікіх жывёл».
Зоапсіхолаг
Для жывёл яна была як маці. На фота з ласямі-блізнятамі, якіх Косак называла Кола і Пэпсі. Фота — Лех Вільчэк
У гадавальніку Сімоны з часам з'яўляюцца таксама: лань, якая будзе прыходзіць да яе пад акно і частавацца цукрам, бусел, якому Сімона зладзіць гняздо са скрыні ў сябе ў пакоі, такса і рысіха, якая будзе спаць з ёй у ложку, а яшчэ паўліны. Дзядзінка вельмі хутка ператварылася ў эксперыментальную лабараторыю, якую Сімона з году ў год развівала як зоапсіхолаг (так яна сябе называла), а таксама ў бальніцу, паліклініку і прыёмную для хворых жывёл. Тут яна лячыла і даглядала жывёл, і разам з Вільчэкам, які іх фатаграфаваў, даглядала за ўсім гэтым звярынцам. Тут яна, як маці, выхоўвала ласёў-блізнят: Пэпсі і Колу, мыла чорнаму буслу шыю, запускала сабе ў рукаў пацука Каналлю, які на адкрытай прасторы ўпадаў у паніку, дазваляла сваёй сяброўцы-лані зладзіць сабе ў двары «родзілку», брала дадому авечак і іх супер-маму, вырошчвала пацукоў Альфу і Амегу і назірала за іх жыццём, трымала ў акварыуме цвыркуноў. Тут яна складала прагнозы надвор'я, назіраючы за кажанамі ў склепе. З году ў год звярынец пашыраўся […].
Барацьба за рысяў і ваўкоў
Сімона з рыссю Агатай, якая вырошчвалася для фільма Яна Валенчыка. Фота — Лех Вільчэк
Узімку 1993 года Сімона, як яна распавядала журналістам, пачала барацьбу за выратаванне ад знішчэння белавежскіх рысяў і ваўкоў. «Група маладых супрацоўнікаў з Інстытута вывучэння сысуноў Польскай акадэміі навук, — пісала, напрыклад, Аліна Нядзельскі ў артыкуле, апублікаваным у «Тваім Стылі», — прыдумала правесці тэлеметрычныя даследаванні. Яны складаліся ў тым, што дзікай жывёле чаплялі аброжак з радыёперадавальнікам, каб яна, перасоўваючыся па лесе, перадавала інфармацыю. Але драпежніка спачатку трэба было злавіць. Выпадкова высветлілася, што навукоўцы ставілі на рысяў і ваўкоў пасткі, забароненыя законам. Сімона Косак паказвае «даследчую апаратуру», якую яна знайшла ў пушчы — цяжкія металічныя сківіцы. Расціснуць іх маглі толькі двое мужчын. Варта было ёй адкласці рукапіс, як пад акно падышла зграя ваўкоў […]. Ваўкі проста вылі нямым голасам […]. «Гэта быў гімн падзякі за выратаванне іх жыццяў», — кажа Сімона ўпэўнена. — Ваўкі ніколі не набліжаюцца да будынкаў. Яны занадта палахлівыя». Магчыма, яны адчулі прыязную аўру, якая ішла з леснічоўкі». […].
У 1993 годзе Сімона выявіла ў запаведніку дзве пасткі на драпежнікаў, пастаўленыя супрацоўнікамі Інстытута вывучэння сысуноў. Сімона забрала гэтыя пасткі і адмовілася аддаваць. Навукоўцы з інстытута абвінавацілі яе ў крадзяжы даследчай апаратуры. Справай занялася раённая пракуратура ў Гайнаўцы і II Крымінальны аддзел Раённага суда ў Бельску-Падляскім. Падчас допыту ў пракуратуры Сімона на пытанне аб тым, якую пагрозу для жывёл уяўляла такога роду навукова-даследчая тэхніка, адказала: «На маю думку, не толькі для жывёл, але і для ахоўнікаў [гэта] несла смяротную пагрозу. […] Кожная жывёла, якая патрапіла ў пастку, патэнцыйна асуджаная на смерць, калі пашкоджанне лапы будзе цяжкім. У папуляцыі, якая налічвае дванаццаць асобін, улічваючы браканьерства і выпадковую гібель дзікіх жывёл, гэта — смяротная пагроза для існавання апошняй нізіннай папуляцыі рысі, чый набор генаў — адзіны ў Еўропе, паколькі ў Еўропе нізіннай рысі ўжо няма. Гэта ўвогуле ганьба для свету навукі, што мы прыклалі да гэтага руку».
Ганна Камінская. «Сімона. Аповед пра незвычайнае жыццё Сімоны Косак». Кракаў, 2015.