Фёдар Крыванос

Фёдар Крыванос

«За неаднаразовае парушэнне царкоўнай дысцыпліны і пастырскай прысягі з 2 сакавіка 2016 года протаіерэй Фёдар Паўлавіч Крыванос вызваляецца ад пасады клірыка Свята-Духавага кафедральнага сабора горада Мінска і забараняецца ў богаслужбах тэрмінам на адзін год.

Месцам знаходжання протаіерэя Фёдара Крываноса на час папраўчага тэрміну вызначыць Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр», — гаворыцца ва ўказе мінскага праваслаўнага мітрапаліта Паўла.

Як кажуць праваслаўныя актывісты, Крываноса пакаралі за тое, што ён аказаўся ў палоне адной з распаўсюджаных шкодных звычак. Царкоўнае начальства яго шмат разоў папярэджвала і ўрэшце не вытрымала.

Крыванос шмат зрабіў для кананізацыі пакутнікаў, замардаваных саветамі. «Шмат у чым дзякуючы айцу Фёдару мы і маем такое свята, як Дзень Навамучанікаў і Вызнаўцаў Беларускіх», — паведамляў партал «Царква». У праваслаўнай грамадзе яго моцна за гэта паважаюць і спадзяюцца, што ў манастыры яму ўдасца пераадолець свае слабасці.

Адначасова архірэй забараніў у служэнні іерэя Сяргея Асташонка. Гэты святар служыў у прыходзе храма абраза Божай Маці «Уладзімірская» у Мінску. Ва ўказе мітрапаліта гаворыцца, што святара неабходна накіраваць у Елісавецінскі манастыр Мінска на паслушэнства пры храме.

Таксама па рашэнні епархіяльнага суда «за самавольнае пакіданне месца святарскага служэння» забаронены ў служэнні святар Генадзь Тараповіч. Ён таксама накіроўваецца ў Елісавецінскі манастыр для нясення паслушэнства. «Праз год бездакорнага нясення паслушэнства ў манастыры і, у выпадку прымірэння з жонкай і ўз'яднання з сям'ёй, будзе разгледжана пытанне аб аднаўленні іерэя Генадзя у служэнні ў святым сане», — абвяшчае ўказ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?