Пракурор Бельгіі паведаміў, што затрыманы ў пятніцу Мухамед Абрыні прызнаўся, што ён планаваў тэракт у Францыі, аднак потым стаў адным з удзельнікаў нападу ў Бруселі.

У пятніцу разам з Абрыні было затрымана яшчэ некалькі чалавек. Іх імёны не называюцца. Абвінавачванні ў тэрарызме выстаўленыя Абрыні і траім яго саўдзельнікам.

Бельгійская пракуратура паведамляе, што затрыманыя прызналіся ў тым, што планавалі здзейсніць новы тэракт у Парыжы, аднак, «здзіўленыя хуткім ходам расследавання», перанеслі яго ў Брусель і здзейснілі 22 сакавіка.

Пракуратура ўжо выявіла сувязь затрыманага Абрыні з тэрактамі ў Парыжы ў лістападзе мінулага года.

Мяркуецца, што 31-гадовы Абрыні, бельгіец мараканскага паходжання, быў зняты на камеры вонкавага відэаназірання на адной з бензазаправак разам з Салахам Абдэсламам, іншым падазраваным у серыі нападаў у Парыжы. Яны былі знятыя за два дні да тэракту ў Парыжы. Абдэслам быў затрыманы ў Бруселі ў сакавіку гэтага года.

У суботу Абрыні прызнаўся, што чалавек у капелюшы на здымку, зробленым у аэрапорце Бруселя незадоўга да выбухаў, гэта ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?