У Мінскім абласным судзе пачаўся працэс у дачыненні да былога намесніка начальніка папярэдняга следства ГУУС Мінгарвыканкама Георгія Жука.

Палкоўнік міліцыі абвінавачваецца ў тым, што ў 2005 годзе атрымаў хабар у 80 тысяч долараў (ч. 3 арт. 430 КК). Пасада кіраўніка тады была вакантнай, таму абавязкі начальніка выконваў Жук. Вядома, што ў гэтым жа годзе ён пайшоў на пенсію. На той момант яму было 50 гадоў.

Паводле версіі следства, супрацоўнік міліцыі ўзяў грошы ад прадпрымальніка, каб праверкі яго бізнесу спыніліся і крымінальная справа ў дачыненні да яго была спыненая. Вядома, што тры чалавекі, якія ўдзельнічалі ў перадачы хабару, ужо асуджаныя Вярхоўным судом.

Жук ўвесь гэты час хаваўся ў Расіі. Ён быў абвешчаны ў міжнародны вышук. У 2015 годзе быў затрыманы на тэрыторыі РФ і ў кастрычніку экстрадаваны ў Беларусь і змешчаны ў СІЗА Віцебска.

Падсудны віну не прызнае. Сцвярджае, што прадпрымальнікі, якія праходзяць па справе як сведкі, далі супраць яго ілжывыя паказанні.

Генеральная пракуратура заявіла іск аб спагнанні з Жука 80 тысяч долараў — даходу, атрыманага злачынным шляхам.

Калі віна былога супрацоўніка МУС будзе даказаная, яму пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?