«Пасля 20 гадоў дзеяння цяперашняй Канстытуцыі мы можам сказаць, што гэта была сапраўды Канстытуцыя пераходнага перыяду. Цяперашні асноўны закон мае патрэбу ў дапрацоўцы. Нам не ўсё ўдалося. І нельга заплюшчваць на гэта вочы. Мы павінны гэта выправіць», — заявіў прэзідэнт Анджэй Дуда 3 мая падчас урачыстасці з нагоды 225-х угодкаў прыняцця Канстытуцыі Польшчы.
«Трэба правесці пільную ацэнку асноўнага закона дзяржавы і падрыхтаваць новыя рашэнні існуючых праблем. Але праца над Канстытуцыяй, павінна праходзіць не толькі ў кабінетах, а і падчас дыскусіі з суверэнам, якім з'яўляецца польскі народ», — падкрэсліў прэзідэнт.
Анджэй Дуда таксама акцэнтаваў увагу на тым, што кожны пункт асноўнага закона належыць абмеркаваць такім чынам, каб палякі маглі прыняць Канстытуцыю, зацверджаную Нацыянальным Сходам.
«Кожны грамадзянін павінен ведаць і разумець, што для яго азначаюць артыкулы новай Канстытуцыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.