Будаўніцтва Беларускай АЭС удалося б спыніць, калі б народ выйшаў на пратэст, заявіла пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, выступаючы 8 мая ў Мінску на майстар-класе «Прэс-клуба Беларусь», прысвечаным мастацтву рэпартажу.

На яе думку, народных пратэстаў супраць будаўніцтва АЭС не адбываецца, бо «ў аўтарытарнай дзяржаве людзі падзеленыя», і «самае галоўнае, што выклікае такая сістэма, — гэта асабістая бездапаможнасць».

«У любой аўтарытарнай дзяржаве ёсць праблема з асветай народа, — падкрэсліла Алексіевіч. — У нас у, здавалася б, «чарнобыльскай» краіне менш за ўсё ведаюць пра Чарнобыль. Маю кнігу («Чарнобыльская малітва». — БелаПАН.) тут не выдаюць, яе возяць з Расіі. Як вы ведаеце, гэта тэма тут не заахвочваецца, наш прэзідэнт нават дорыць трактары тым, хто працуе ў забруджанай зоне, зямлю ўжо ва ўжытак пусцілі. Усё гэта, вядома, злачынства вялікае».

Нобелеўскі лаўрэат адзначыла, што ўлады не спыталі ў грамадскасці думку аб будаўніцтве АЭС, таму што ў Беларусі «адсутнічае такая катэгорыя, як грамадскасць». «Грамадскасць можа існаваць у нейкіх свабодных прасторах. Грамадскасці ў Беларусі няма, ёсць групы людзей, якія пад нейкім кантролем, — вёска пад кантролем, паколькі там ёсць старшыня мясцовай улады; вялікі завод пад кантролем сваёй улады. Гэта такая краіна кантролю», — сказала яна.

У Беларусі, на думку пісьменніцы, важна займацца палітычнай і экалагічнай асветай, іншае пытанне, як гэта рабіць бесперашкодна. «Калі я атрымала прэмію ў Нідэрландах, я закупіла» Чарнобыльскую малітву», і мы пастараліся раздаць яе настаўнікам, іншым адукаваным людзям у пацярпелых [ад чарнобыльскай аварыі] вёсках і там, дзе будуецца АЭС, у надзеі, што гэтыя людзі прачытаюць і будуць распавядаць іншым», — расказала аб сваім вопыце антыядзернай асветы людзей пісьменніца.

Алексіевіч мяркуе, што «будаўніцтва АЭС ва ўмовах алігархату» — гэта надзвычай небяспечны занятак, паколькі «можна сабе ўявіць, колькі ўсяго будзе ўкрадзена» пры ўзвядзенні гэтага аб'екта. Патэнцыйная небяспека ад атамнай станцыі ў Беларусі заключаецца і ў іншым. «Па-першае, няма ўжо той велізарнай краіны, каб дапамагчы, калі нешта здарыцца, а па-другое, я не думаю, што зараз знойдуцца людзі, якія так будуць ахвяраваць сабой, як ліквідатары ў 1980-я гады», — сказала пісьменніца.

«Зямля — вельмі прыгожая планета, толькі шкада, што яна такая маленькая. Калі нешта здарыцца, калі Астравецкую АЭС пабудуюць, ужо не будзе куды схавацца», — падсумавала нобелеўскі лаўрэат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?