Навукоўцам не ўдаецца растлумачыць дзіўны стан двух братоў з Пакістана. Хлопчыкі (9 і 13 гадоў) вядуць звычайнае жыццё днём, але пасля заходу сонца не могуць ні рухацца, ні гаварыць, паведамляе CBS News.
Абдул Рашыд (9 гадоў) і Шааб Ахмед (13 гадоў) у шпіталі. Ісламабад, 5 мая 2016. Фота AP.
Як распавялі ў Пакістанскім інстытуце медыцынскіх навук, лекары пакуль не могуць знайсці прычыну дзіўных сімптомаў: «Дактары праводзяць абследаванні, каб зразумець, чаму дзеці застаюцца актыўнымі днём, аднак не могуць расплюшчыць вочы, не могуць гаварыць і есці, пасля таго як сонца заходзіць». Навукоўцы таксама ўзялі ўзоры глебы і паветра ў вёсцы, дзе жывуць браты.
Хлопчыкі нарадзіліся ў беднай сям'і, і ўрад фінансуе медыцынскую дапамогу. Акрамя іх, у сям'і яшчэ двое дзяцей, у паводзінах якіх ніякіх адхіленняў не назіраецца.
Бацька братоў тлумачыць іх стан проста: «Сыны атрымліваюць энергію ад сонца».
Аднак дактары ўжо адхілілі ідэю пра ўплыў сонечнага святла, адзначаючы, што хлопчыкі могуць рухацца днём нават у цёмным пакоі і падчас дажджу.