У сталіцы ўладальнік вялізнага белага ўседарожніка ўпрыгожыў машыну нацыянальным арнаментам, і цяпер яе цяжка не заўважыць. Мы запыталіся, навошта і як людзі рэагуюць на «вышымабіль».

Толькі Mercedes

Ігар Жабароўскі працаваў настаўнікам матэматыкі ў сталічнай школе. Для сваіх вучняў ён рыхтаваў мультымедыйныя ўрокі і канспекты. Тэхналогіі дапамагалі ў працы, і малады чалавек вырашыў зрабіць іх больш даступнымі і для сваіх калегаў-настаўнікаў.

— Так з'явіўся адукацыйны праект «Інфаўрок». Я сабраў увесь свой досвед і выдатную каманду метадыстаў, настаўнікаў і праграмістаў. За амаль чатыры гады працы мы дасягнулі дзённай наведвальнасці ў паўмільёна карыстальнікаў. Наш праект займае другое месца ў Рунэце сярод адукацыйных праектаў. Зоймем і першае, гэта толькі пытанне часу, — дзеліцца амбіцыйнымі планамі Ігар Жабароўскі.

Асноўная аўдыторыя і асноўны рынак праекта — Расія, але Ігар не збіраецца надоўга пакідаць Мінск. «Я жыву і далей збіраюся жыць у Беларусі. Мяне ўсё задавальняе. Калі я стамляюся ад Беларусі, то ненадоўга з'язжаю змяніць абстаноўку. У сярэднім раз на месяц я куды-небудзь выязджаю на некалькі дзён».

Ігар падарожнічае на сваім надзейным Mercedes. За два гады з моманту куплі машыны яны разам праехалі больш за сто тысяч кіламетраў па Беларусі, Расіі, Украіне і Еўропе.

— На машыне падарожнічаць цікавей, чым на самалёце. Можна выбраць, куды заехаць, дзе спыніцца і што паглядзець. Мы плануем маршруты праз месцы, дзе раней не былі.

Вялікай кампаніяй мы рэгулярна здзяйсняем вялікія аўтамабільныя падарожжы на маім Mercedes. Лондан, Рым, Гданьск — вельмі лёгка і камфортна дабіраліся ўпяцёх. Аўтамабіль вялікі, устойлівы і камфортны дзякуючы пнеўмападвесцы. Асабіста я не стамляюся, а, наадварот, адпачываю за рулём, — распавядае Ігар.

А па горадзе зручна кожны дзень ездзіць на такой вялікай машыне? У цэнтры няма дзе паркавацца, ды і расход у яе немаленькі. Можа быць, мае сэнс ездзіць на гарадской малалітражцы або нават карыстацца таксі?

— Пасля Mercedes толькі Mercedes, а пасля вялікай машыны толькі вялікая машына. Зараз я вельмі некамфортна сябе адчуваю ў нізкіх машынах. На самай справе, вялікі памер — хутчэй плюс: агляднасць шыкоўная, высокі кліранс дазваляе заехаць на любы бардзюр. У GL ёсць унікальная ўласцівасць — у ім камфортна на любой дарозе. І ў горадзе, і на аўтабане, і на бездаражы. Я заязджаю ў вёску — і любыя ямкі хоць бы што. А потым выязджаю на нямецкі аўтабан — і магу камфортна ехаць з хуткасцю за 200 км/г.

Адзіная прычына, чаму я планую мяняць машыну, — у мяне трое маленькіх дзяцей. Для вялікай сям'і зручней мікрааўтобус, напрыклад Mercedes V-klasse. Ён таксама вялікі і высокі, але доступ да задняга шэрагу сядзенняў у ім нашмат зручнейшы, чым у GL. Але дынаміка будзе зусім не тая. Мабыць, прыйдзецца пакінуць GL і дакупіць V-klasse, — кажа ўладальнік аўто.

Суцэльны пазітыў

Галоўная адметная асаблівасць гэтага аўто — нацыянальны арнамент праз усю машыну. Аўтамабіль стаў «патрыятычным» паўгода таму.

— Наша кампанія была спонсарам мерапрыемства ў гомельскай гімназіі, там праходзілі «Мележаўскія чытанні». Мы ездзілі ў Гомель на гэтае мерапрыемства, і я так уражаны духам гэтай беларускамоўнай гімназіі, беларускай песні, што вырашыў зрабіць такі патрыятычны жэст.

Гэты арнамент азначае ўраджай. Купіў на стоку вектарны малюнак і замовіў друк у арганізацыі, якая займаецца вырабам аўтамабільных налепак. Вышыванку надрукавалі на вінілавай плёнцы і наляпілі на аўтамабіль. Я зрабіў гэта для сябе і не чакаў такога водгуку і такой увагі да машыны.

Рэакцыя людзей толькі пазітыўная. Людзі на дарозе паказваюць «клас», проста махаюць. Нядаўна стаяў, наводзіў парадак у машыне, і да мяне падышла жанчына ва ўзросце, Інэса Іванаўна. Яна падзякавала мне за вышыванку, ёй было вельмі прыемна ўбачыць гэта. У мяне вельмі шмат такіх гісторый, і ўсе пазітыўныя. Я разумею, што гэта рэальна працуе на ўзняцце духу патрыятызму, — успамінае Ігар.

Гаспадар распавядае, што быў маральна гатовы да павышанай увагі ДАІ пасля з'яўлення арнаменту на аўтамабілі. Але выйшла наадварот — спыняць сталі радзей, толькі позіркам інспектары праводзяць. Калі спыняюць, то выказваюць свае станоўчыя ўражанні або маўчаць з нагоды вышыванкі. Пытанні з'явіліся толькі на мяжы.

— Украінскія памежнікі заўсёды пытаюцца: чаму на беларускай машыне ўкраінская вышыванка? Я заўсёды даводжу, што гэта беларускі ўзор. Неадмыслоўцу, на самай справе, складана адрозніць. На жаль, у мяне няма часу сур'ёзна займацца развіццём патрыятызму, але нават самы малы ўклад у справу нацыянальнага адраджэння важны і патрэбны. Патрыятызм павінен аб'ядноўваць людзей незалежна ад палітычных поглядаў. Бо ў нас адзін агульны дом, — лічыць Ігар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?