Жыхар Баранавіцкага раёна абгарэў на пажары, прычынай якога магла стаць спроба суіцыду, паведамілі ў прэс-службе Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС.

Няшчасны выпадак адбыўся раніцай 1 жніўня ў вёсцы Лаўрыновічы. Пра тое, што з-пад страхі аднапавярховага цаглянага дома ідзе дым, паведамілі відавочцы. Прыбыўшы на месца, ратавальнікі выявілі ў жылым пакоі на канапе 72-гадовага гаспадара дома. З тэрмічнымі апёкамі 85% паверхні цела мужчыну даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне Баранавіцкай гарадской бальніцы, дзе ён памёр у ноч на 2 жніўня.

Агнём пашкоджаны жылы пакой, мэбля і памяшканне кухні.

Прычына пажару высвятляецца. Адна з версій — спроба суіцыду, бо побач з пацярпелым знаходзілася абгарэлая каністра з бензінам.

Мужчына жыў сумесна з жонкай, якая на момант пажару выйшла ў краму за пакупкамі. Са слоў суседзяў сям'я характарызуецца станоўча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0