Адміністрацыйная справа ў дачыненні да прадстаўнікоў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) у Віцебску Таццяны Севярынец і Алены Шабуні закрыта. Пра гэта паведаміла Севярынец.

Нагадаем, на пікеце 27 ліпеня былі складзены пратаколы ў дачыненні да патэнцыйных кандыдатаў ад БХД, якія праводзілі сумесны пікет, прысвечаны гадавіне прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. У часе мерапрыемства яго ўдзельнікі праспявалі гімн «Магутны Божа» і песню «Сцяг». Спевы падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатамі міліцыянеры кваліфікавалі як несанкцыянаваную масавую акцыю.

Таццяна Севярынец атрымала апавяшчэнне пра тое, што па матэрыялах праверкі ад 8 жнiўня вынесена пастанова аб спыненні адміністрацыйнай справы з-за адсутнасці ў дзеянні складу адміністрацыйнага правапарушэння. «Мы былі 8 жніўня на прыёме ва ўчастковага, ён падрабязна распытваў, што адбывалася. На што я сказала:» Вывучайце заканадаўства, мы праводзілі пікет па зборы подпісаў у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам», — адзначыла яна.

Рашэннямі акруговых камісій ад 10 жніўня Севярынец і Шабуня зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ідуць на выбары ў складзе правацэнтрысцкай кааліцыі беларускай апазіцыі, куды таксама ўваходзяць Аб'яднаная грамадзянская партыя і рух «За Свабоду».

Парламенцкія выбары пройдуць 11 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?