Супрацоўнікі ўпраўлення крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама, аддзела крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС пры падтрымцы байцоў спецпадраздзялення «Алмаз» за разбой у кватэры па Варанянскага затрымалі 26-гадовага ўраджэнца Івацэвіцкага раёна і 28-гадовага ўраджэнца Лагойска. У Мінску яны працавалі ў адной са службаў таксі, ездзілі на машынах «Аўдзі А4» і «Нісан Альмера». Жылі на здымных кватэрах.

Свае злачынныя дзеянні маладыя людзі загадзя спланавалі. На адным з інтэрнэт-сайтаў яны знайшлі дзяўчыну, якая аказвае інтым-паслугі (выбар упаў на самую дарагую), дамовіліся аб сустрэчы. Чакаючы кліентаў дома, дзяўчына і ўявіць не магла, што замест іх у кватэру ўварвуцца двое ў масках і пальчатках і пад пагрозай нажа стануць вымагаць грошы. Старанна даследаваўшы ўсе пакоі (мужчыны шукалі грошы нават пад вусцілкамі ў абутку), зламыснікам удалося разжыцца на ноўтбук, фотаапарат, два мабільныя тэлефоны і невялікую суму грошай. Схаваўшы ўсё гэта ў машыну, яны накіраваліся на сваю здымную кватэру па вул. Дзянісаўскай.

У выніку карпатлівай працы мінскіх сышчыкаў менш чым за суткі зламыснікі былі затрыманыя. Адзін з прыяцеляў ехаў, здавалася б, на звычайны выклік і нават не падумаў, што яго кліентам на гэтым выкліку акажацца міліцыянт. Праз некаторы час затрыманы быў і другі падазраваны.

— Як высветлілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку, на рахунку гэтага крымінальнага тандэму не адно падобнае злачынства, — паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама Мікалай Шыбалка. — Яны нават прымудраліся абкрадаць сваіх пасажыраў, калі тыя па шляху прасілі спыніцца, напрыклад, каля магазіна. Кліент, адлучыўшыся ненадоўга, пакідаў рэчы ў машыне, а таксісты шчасліва з'язджалі. Здзяйснялі зламыснікі і дробныя крадзяжы. У цяперашні час даказана некалькі фактаў.

Праводзячы ў кватэры затрыманых ператрус, аператыўнікі выявілі маскі, пальчаткі, у якіх злачынны дуэт напаў на дзяўчыну, вялікую колькасць сім-карт, шматлікія раздрукоўкі з метадычнымі ўказаннямі фірмаў па продажы розных тавараў. Зламыснікаў цікавіла, як уваходзіць да людзей у давер, як заводзіць гаворку, на што звяртаць увагу, калі заходзіш у чужую кватэру. Гэта значыць «скараць» сталіцу прыяцелі рыхтаваліся сур'ёзна. Варта адзначыць, што раней 28-гадовы мужчына судзімы за рабаванне, хуліганства і незаконны абарот наркатычных сродкаў.

У цяперашні час у дачыненні да затрыманых Кастрычніцкім (г. Мінска) РАСК заведзеная крымінальная справа па ч. 2 арт. 207 («Разбой») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Калі Вы пацярпелі ад злачынных дзеянняў мужчын на фота, просім звяртацца ў міліцыю па тэлефонах: 8 (033) 320-44-24, 8 (029) 392-45-71, 8 (017) 239-41-75, 8 ( 017) 239-41-76.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?