Міжнародны алімпійскі камітэт 26 кастрычніка паведаміў аб пазбаўленні дзевяці спартсменаў медалёў летніх Алімпійскіх гульняў 2008 года ў Пекіне за ўжыванне допінгу. Сярод іх беларускія штангісты Анастасія Новікава і Андрэй Рыбакоў.

Андрэй Рыбакоў, Reuters.com

Андрэй Рыбакоў, Reuters.com

Але ж акрамя медалёў, спартоўцы атрымалі грошы і кватэры. Рыбакоў атрымаў двухпакаёўку, Новікава — «аднушку». Таксама Рыбакову выплацілі $50 тысяч за срэбраны медаль, Новікавай — $30 тысяч.

Ці адбяруць у спартсменаў-махляроў атрыманыя прызы?

Генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Анатоль Котаў адмовіўся адказваць, патлумачыўшы, што ўжо даў каментар беларускаму тэлебачанню.

У Міністэрстве спорту далі больш разгорнуты адказ.

«Што тут сказаць… Вялікі жаль, што нашы спартоўцы ўжывалі тыя прэпараты, якія нельга выкарыстоўваць», — сказаў Уладзімір Несцяровіч, прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму.

На яго думку, малаімаверна, што спартоўцаў папросяць вярнуць прызавыя і кватэры.

«Я не памятаю, што яны атрымалі кватэры ці яшчэ нейкія рэчы… Але што тычыцца грашовых выплатаў, якія спартоўцы атрымалі ў адпаведнасці з указам прэзідэнта, то такой практыкі не было, каб людзей пазбаўлялі прызавых ці абавязвалі вярнуць грошы. Пакуль такога не было яшчэ ні разу, — сказаў Несцяровіч. — Каб пазбаўлялі кватэраў, таксама практыкі не было».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?