На апошніх выбарах у Літве перамог Саюз зялёных і сялян. Цяпер гэтая партыя фарміруе ўрад. Кіруе ёй 46-гадовы Рамунас Карбаўскіс. 

Ён бізнэсовец і дабрачынец. А ў мінулым годзе ён за ўласныя грошы насыпаў у сваёй роднай вёсцы Найсі «Балцкую арэну». Гэтая копія старажытных гарадзішчаў каштавала яму паўмільёна еўра.

Ля падножжа гары, вакол якой паўстала гарадзішча, праходзіць штогадовы летні фэст. Яго ладзяць з 2000 года, сёлета на яго сабралася 60 тыс. чалавек.

Карбаўскіс захапляецца і старадаўнімі балцкімі культамі. Па суседстве з «гарадзішчам» уладкавалі «святарны пагорак». Асвяціць «Балцкую арэну» запрасілі вайдзілаў з паганскага руху «Рамува», у абрадзе ўдзельнічаў і сам Карбаўскіс.

Мода на старадаўнія культы абудзілася не толькі ў Літве, але і ў Латвіі. Прэзідэнт Латвіі Раймандс Вэёніс афіцыйна прызнае сябе паганцам. Паганскі рух у Латвіі называецца «дыеўтуры», што азначае «богашанавальнікі» — ад слова «дыеўс», «бог».

Лідары літоўскага паганскага руху «Рамува» спадзяюцца, што новая расстаноўка палітычных сіл паспрыяе «Рамуве» здабыць афіцыйны статус «традыцыйнай рэлігіі». Згодна з літоўскім заканадаўствам, такі статус набывае рэлігійная арганізацыя, што ў якасці зарэгістраванай праіснавала 25 гадоў. «Рамува» была зарэгістраваная ў 1992 годзе. Для іх гэта мае не толькі вялікі сімвалічны сэнс, але і практычны: напрыклад, дзяржава прызнае заключаныя ў гэтай веры шлюбы, дазваляе ўрокі ў школах.

Мінулай восенню каталікі намагаліся правесці ў парламенце папраўку, паводле якой тэрмін, праз які рэлігійная грамада прызнаецца «традыцыйнай», прапаноўвалі павялічыць з 25 да 75 гадоў. Яны планавалі тым самым зашкодзіць літоўскім паганцам. Каталікоў падтрымлівае другая па папулярнасці партыя Хрысціянскія дэмакраты — Саюз Айчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?