Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура быў раскрытыкаваны за ролю вядучага радыёшоу пад назвай «Гадзіна сальсы» (La Hora de la Salsa).
Reuters
Многія венесуэльцы палічылі непрыстойнымі танцы прэзідэнта ў эфіры, у той час як эканоміка краіны знаходзіцца ў жаласным стане, піша ВВС.
Падчас дзённага шоу, некаторыя выпускі якога паказваюць і па тэлевізары, 53-гадовы Мадура танчыць са сваёй жонкай, расказвае пра гісторыю сальсы, а таксама прымае званкі і каментуе палітычныя падзеі.
Перадача выклікала хвалю абурэння.
AFP
«Гэта як аркестр на «Тытаніку», — напісаў адзін з карыстальнікаў падчас анлайн-трансляцыі выпуску ў фэйсбуку.
«Праграма Мадуры падобная да здзеку, — цытуе Рэйтэр лідара апазіцыі Венесуэлы Энрыке Капрылеса. — Ён мог бы трохі больш паважаць венесуэльскі народ. Ён не эстрадны артыст».
Венесуэла перажывае найцяжэйшы эканамічны крызіс з-за падзення цэн на нафту. Інфляцыя ў краіне вылічаецца сотнямі адсоткаў, адбываюцца рэгулярныя адключэнні вады і святла, не хапае прадуктаў харчавання і лекаў.
Прэзідэнцкі тэрмін Нікаласа Мадура, былога кіроўцы аўтобуса і прафсаюзнага лідара, заканчваецца ў 2019 годзе.