…Час мяняе рэчаіснаць так імкліва, што нават нашым снам за ім не пасьпець… Прысьніўся мне тэлефонны аўтамат ці тое будка. Колісь тэлефонныя будкі стаялі на амаль кожным рагу. Хатні тэлефон быў не ва ўсіх, таму грамадзкім тэлефонам часта карысталіся. Гэта была цэлая субкультура. Напрыклад, у іх маглі плакаць «девушки»… Тэлефонныя будкі абдрапваліся і распісваліся размаітым фальклёрам. Чаго там толькі не пісалі! Там забываліся рэчы, бо былі ў іх адмысловыя кручочкі, напрыклад для парасона, і палічка, напрыклад для нататніка.

Мінск, у тэлефоннай будцы. Пачатак 80-х. Фота: Вадзім Качан.

Мінск, у тэлефоннай будцы. Пачатак 80-х. Фота: Вадзім Качан.

У іх можна было схавацца ў залеву й завею. Пэўна ж, некаму яны выратавалі й жыцьцё. Да пажарнікаў — 01, у міліцыю — 02 й хуткую дапамогу — 03 можна было званіць бясплатна. Звычайна ж патэлефанаваць можна было за 2 капейкі, што закідваліся ў шчылінку. Але некаторыя майстры іх сьвідравалі, навязвалі жылку, а пасьля званка выцягвалі капеечку назад. Калі ў народа стала больш асабістых тэлефонных апаратаў, з тэлефонных будак сталі зьнікаць мікрафоны, а потым трубкі проста сталі адрываць цалкам. Пасьля сталі адрываць проста так… Пасьля разьбіваць шкло… Пасьля адламываць дзьверы… Знайсьці спраўны апарат было ўжо ня простай справаю, урэшце. І тыя будкі бясконца рамантавалі, фарбавалі ў зыркі жоўты колер, ад якога станавілася весялей на душы ў непагадзь. Грэла сама думка, што калі што, то там можна будзе схавацца.

Кадр з дакументальнага фільма пра Мінск «Сонца над горадам», 1966. Рэжысёр — Юрый Марухін.

Кадр з дакументальнага фільма пра Мінск «Сонца над горадам», 1966. Рэжысёр — Юрый Марухін.

Неяк у Менску паставілі напрыканцы 1980-х шэрыя шчыгаляватыя грувасткія тэлефонныя будкі з шэрага алюімінію. Але гэтая грувасткая шэрасьць у шэрані нашай сталіцы проста растала… Спачатку ня стала савецкіх капеек, а пасьля й саміх тэлефонных будак. Не паплача болей «девушка в автомате, вся в слезах и губной помаде…» Яны, старыя тэлефонныя будкі, будуць паўставаць перада мною адно ў снах, разам з маляванымі кінаафішамі, афішнымі тумбамі, шклянымі колбамі для заліваньня сокаў, пузатымі шклянымі сіфонамі ды апартатамі для газіроўкі… Дарэчы, мо ў каго фоты якасныя хоць засталіся?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?