Газета «Родныя вытокі», орган Докшыцкага райвыканкама, паведаміла пра адкрыццё гісторыка-культурнага музея ў вёсцы Сітцы. Гэты музей быў адчынены пры вясковай бібліятэцы.

Праз колькасць экспанатаў — 392 штукі — новаадкрытая ўстанова наўрад ці заслугоўвае, каб гучна называцца музеем. Так сабе, гістарычны ці этнаграфічны куток. Газета пералічвае экспанаты: старыя гадзіннікі, посуд, польскамоўныя дакументы, фотаздымкі. І — цытую даслоўна — «іржавыя манеты ажно 1749 года выпуску».

Дваццаць манет, царская дзесяцірублёўка і савецкія грошы. Калі я быў школьнікам, у мяне калекцыя большая была.

Дваццаць манет, царская дзесяцірублёўка і савецкія грошы. Калі я быў школьнікам, у мяне калекцыя большая была.

Ажно 1749 года! Любы аматар археалогіі, які ўмее трымаць у руках металашукальнік, мае ў сваёй калекцыі значна старэйшыя манеты, тыя ж «барацінкі», якіх у 1660-я гады было выбіта некалькі мільёнаў штук. На фотаздымках, што газета «Родныя вытокі» апублікавала на сайце, бачныя дзясяткі два манет, царская дзесяцірублёўка і савецкія грошы. Яшчэ гліняны збанок стаіць ды старыя лыжкі з відэльцамі на вітрыне раскладзеныя. Гэта ўсё, што здолелі сабраць?

Самае скандальнае ў гісторыі — не змест экспазіцыі. Хай пры вясковых бібліятэках, клубах ды школах ствараюцца такія куткі! Каб праўнукі маглі пабачыць рэчы прадзедаў. Калі б вясковы бібліятэкар сам, па сваёй ініцыятыве, зрабіў такі куток, яго належала б пахваліць і пажадаць новых цікавых знаходак.

Скандальнае — тое, што гэты музейчык — галоўны вынік праекта на суму 18.000 даляраў (!) Столькі сродкаў фундацыя ЕС/ПРААН вылучыла для Докшыцкага раёна на ініцыятыву пад назвай «Адраджэнне сядзібна-паркавых збудаванняў» у рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». А выйшаў, як у той байцы, пшык!

Непасрэдна на комплекс сітцаўскай сядзібы, якая належала Бжастоўскім і Дамейкам — брамы XVIII стагоддзя ў стылі віленскага барока, палацавых сутарэнняў, старой агароджы — не пайшло ані цэнта. Грошы, піша газета, асвоілі на стварэнне музейнай экспазіцыі, асфальтаванне аўтамабільнай стаянкі і дарожак, будаўніцтва сцэны ў парку, набыццё гукаўзмацняльнай і светлавой апаратуры.

18 тысяч даляраў! А-ша-лець! Каб мне хто даў 18 тысяч даляраў!.. Мы з калегамі збіраем талакой па 50 даляраў, па 50 еўра, каб выкупляць на аўкцыёнах старыя фотаздымкі Глыбокага. Часта я за свае грошы набываю ў Польшчы кнігі, навуковыя працы, старыя часопісы, якія датычаць нашага рэгіёна. Гэтак, унікальную кнігу прафесара Мар’яна Марэлёўскага «Pałac Piłsudskich w Mosarzu» (Кракаў, 1927 год) я набыў усяго за 10 даляраў — адсканаваў, выклаў у Інтэрнэт. Цяпер знайшлі ў Нямеччыне старое фота Глыбокага, каштуе 15 эўра. Набываем.

Калекцыянер у Злучаных Штатах прадае пяць фотаздымкаў Докшыц, зробленых у 1942 годзе. Яны каштуюць разам 100 даляраў. У мяне няма тых 100 даляраў, каб набыць здымкі. Тэарэтычна, можна абвесціць збор грошай — але тады паўстане пытанне з месцам захавання здымкаў. Немагчыма прасіць грошай, каб набыць здымкі і пакласці ў сябе дома. А музея ў Докшыцах няма.

Летам я набыў на польскім аўкцыёне зборнік аповесцяў Ігнацыя Ходзькі «Obrazy Litewskie», надрукаваны ў пачатку ХХ стагоддзя. Ходзька быў з Крывічоў, а дзеянні ягоных твораў адбываюцца ў Будславе, Касцяневічах, Барунах, Жодзішках, Глыбокім, Ушачах. Аддаў 60 даляраў. Дорага? Так. Ды можа здарыцца, што некалі грошы будуць, а кніжкі такой у продажы не будзе.

Якую экспазіцыю, з якімі ўнікальнымі, гістарычнымі рэчамі можна было б стварыць за 18.000 даляраў! А зрабілі музейчык з 392, сабранымі па вёсках, экспанатамі.

Брама ў стылі віленскага барока, збудаваная ў XVIII стагоддзі. Штогод сотні, калі не тысячы, турыстаў заязджаюць у Сітцы паглядзець браму і залезці наверх.

Брама ў стылі віленскага барока, збудаваная ў XVIII стагоддзі. Штогод сотні, калі не тысячы, турыстаў заязджаюць у Сітцы паглядзець браму і залезці наверх.

Нехта запытаецца ў мяне, чаму я не прыняў удзел у стварэнні гэтай экспазіцыі. Адказваю. Я ведаў, што ў Сітцах збіраюцца рабіць музей. І разважаў: варта мне лезці ў гэтую справу ці не варта?

І прыйшоў да высновы, што не варта.

Бо музей — гэта не склад, гэта экспазіцыя, якая павінна раскрыць наведніку гісторыю мясцовасці. Гэтай задачы мусіць быць падпарадкаваная экспазіцыя — і музейныя рэчы, і подпісы да іх, і стэнды з тэкстам, рэпрадукцыі старых картаў, гравюраў, фотаздымкаў. Музей знаходзіцца на старой, гістарычнай сядзібе — можна было зрабіць макет-рэканструкцыю. Можна было замовіць у мастака карціну з выявай жыцця на сядзібе ў Сітцах, напрыклад, у XVIII ці XIX стагоддзі…

Але ў Сітцах няма спецыяліста, здольнага бы зрабіць такую экспазіцыю. Калі б маю дапамогу прынялі, то мне прыйшлося б самому ўсё гэта збіраць, планаваць, рабіць. Аднак я цяжка хварэю — так, што адзін дзень прабыўшы на нагах — пасля тры дні адлежваюся ў ложку. Фізічна я не змог бы зрабіць экспазіцыю.

Звычайны гліняны збанок, старыя лыжкі і відэльцы. Гэткая экспазіцыя можа зацікавіць турыста з Мінска?

Звычайны гліняны збанок, старыя лыжкі і відэльцы. Гэткая экспазіцыя можа зацікавіць турыста з Мінска?

Ну, але ж Докшыцкі райвыканкам меў на стварэнне музея 18 000 даляраў! А ў суседніх раёнах ёсць дасведчаныя краязнаўцы, якія ўмеюць працаваць з гісторыяй і стваралі школьныя або прыватныя музеі. Я перакананы, што за тысячу ці дзве тысячы даляраў знайшоўся б ахвотны чалавек, здольны стварыць добрую экспазіцыю.

Я мог бы параіць, да каго звярнуцца. Да Рыгора Шарыпкіна ў Залессі, ці да Вітольда Ермалёнка ў Мёрах, ці да Франца Хоміча ў Дунілавічах, ці… Разумных людзей шмат у Беларусі… Ды ў мяне ніхто не пытаўся!… Рабілі музей і не звярнуліся да найбольш дасведчанага краязнаўцы ў раёне, які дванаццаць год збірае матэрыялы па гісторыі гэтага раёна! Гэта таксама, ці не найбольш вымоўна, сведчыць пра тое, як яго рабілі.

А цяпер у тым музейчыку паказваць няма што! 18.000 даляраў асвоілі, а выніку - няма! Я не павяду турыстаў з Мінска, якія рэгулярна прыязджаюць у Сітцы цэлымі аўтобусамі, у гэты музей. Бо за яго сорамна, бо там няма чаго глядзець. Докшыцкія работнікі культуры здолелі патраціць 18 000 даляраў і пры гэтым не зрабіць Сітцы ані на кроплю больш прывабнымі для турыстаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?