Павел Селіверстаў. Фото: bfla.eu
У сталіцы Чэхіі беларус пераадолеў планку ў 2 м 32 см (з першай спробы), што з'яўляецца для яго найлепшым дасягненнем у кар'еры (рэкорд Беларусі складае 2 м 34 см, усталяваны ў 1993 годзе).
Таксама гэты ўдалы скачок з'яўляецца трэцім вынікам новага лёгкаатлетычнага сезона ў закрытых памяшканнях у свеце. Вышэй за Паўла Селіверстава ў сусветным рэйтынгу ў зімовым сезоне пакуль размясціліся толькі Сільвестэр Беднарэк з Польшчы і канадзец Дэрэк Друэн — абодва па 2 м 33 см. Так удала супернікі беларуса выступілі 8 лютага на іншым турніры ў Банска-Бістрыцы, дзе Селіверстаў пераадолеў планку на вышыні 2 м 31 см і заняў трэцяе месца.
На турніры Празе беларус штурмаваў і вышыню 2 м 34 см, але дамагчыся большага за 2 м 32 см не здолеў.
Другое месца заняў Эрык Кінард з ЗША — 2 м 27 см (з першай спробы), бронзавым прызёрам стаў Джамаль Уілсан з Бахрэйна — 2 м 27 см (з трэцяй спробы).
Чарговым важным стартам для беларускага лёгкаатлета стане чэмпіянат Беларусі ў закрытых памяшканнях на прызы газеты «Спартыўная панарама», які з 17 па 19 лютага пройдзе ў магілёўскім спарткомплексе «Алімпіец».