ISRO
Індыя ўстанавіла сусветны рэкорд па колькасці спадарожнікаў, запушчаных з дапамогай адной ракеты, адправіўшы ў космас 104 спадарожнікі. Папярэдні рэкорд адначасовага запуску належаў Расіі — 37 спадарожнікаў у 2014 годзе, паведамляе Бі-бі-сі.
Усе спадарожнікі, акрамя трох, зроблены ў іншых краінах, 96 з іх належаць амерыканскім кампаніям. Гаворка ідзе пра спадарожнікі невялікіх памераў.
Запуск ракеты са спадарожнікамі быў зроблены з касмічнага цэнтра імя Саціша Дхавана, размешчанага на востраве Шрыхарыкота ў Бенгальскім заліве на ўсходзе краіны.
Па словах экспертаў, гэты запуск можна назваць гістарычным не толькі з-за колькасці спадарожнікаў, але і таму, што Індыя абазначыла свае амбіцыі стаць ключавым гульцом на рынку касмічных даследаванняў.
На борце ракеты, у прыватнасці, знаходзіцца індыйскі картаграфічны спадарожнік, здольны рабіць здымкі з космасу вельмі высокай якасці. Магчыма, ён будзе выкарыстаны для назірання за канфліктам у Кашміры.
У гэтым годзе ўрад Індыі істотна павялічыў бюджэт сваёй касмічнай праграмы і нават паведаміў пра планы адправіць місію на Венеру.