Рута Ванагайце, аўтарка кнігі «Нашы» («Mūsiškiai») пра ўдзел літоўцаў у Халакосьце, 2 сакавіка выступае ў інтэлектуальным клубе нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.

lrt.lt

lrt.lt

Каб напісаць сваю кнігу, Ванагайце аб'ездзіла ўсю Літву, гаварыла са сведкамі і ўдзельнікамі падзеяў, чытала ў архівах справы, на якія раней ніхто не звяртаў увагі. У забойствах 200 000 яўрэяў у час Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Літвы, паводле Ванагайце, літоўцы прымалі актыўны ўдзел.

Кніга выклікала неадназначную рэакцыю ў літоўскім грамадстве. Аўтарка казала, што ад яе «адвярнуліся сябры і знаёмыя». Адразу пасля выхаду кнігі Ванагайце адмовілася даваць інтэрвію расейскім СМІ. «Я напісала кнігу для Літвы. Гэта ўнутраная справа літоўцаў» — казала яна.

«У кнізе я не абапіраюся на ніводную замежную крыніцу, толькі на тое, што сказана жыхарамі Літвы і гісторыкамі. Паўгода я правяла ў Спецыяльным архіве, чытала справы, іх споведзі. Хто скажа, што нашых хлопчыкаў катавалі і толькі пасля гэтага яны давалі паказанні — глупства, ніхто не кажа пра катаванні. Адзін забойца яўрэяў скардзіўся на боль у плячы, зрабілі рэнтген, высветлілі прычыну, прызначылі масаж і парафінавыя ванначкі. Відаць, надта многа страляў», — зазначае Ванагайце.

Ванагайце — грамадска-культурная дзяячка, пісьменніца, гісторык, тэатральны крытык. У 2000—2001 была дарадцам па культуры і сувязях з грамадскасцю ва ўрадзе прэм'ер-міністра Раландаса Паксаса. Аўтарка некалькіх кніг. У апошнія гады працавала над выданьнем пра ўдзел літоўскага насельніцтва ў Халакосце. Кніга «Нашы» выйшла ў 2016 годзе. За гэтую публікацыю Рута Ванагайце атрымала ўзнагароду «За мужнасць» ад цэнтру Сымана Візэнталя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?