Навіны з экспэдыцыі грамады Беларускай Нацыянальнай Памяці па Швайцарыі й Нямеччыне.

Пакінуўшы Швайцарыю, грамада Беларускай Нацыянальнай Памяці (БНП) накіравалася ў Баварыю і Бадэн-Вюртэмбэрг.

Але па дарозе вырашылі заехаць у ваколіцы возера Лютэнзэе, якое знаходзіцца ў Нямеччыне, недалёка ад мяжы. Пад час ранейшай працы сябраў БНП у беларускай бібліятэцы імя Скарыны ў Лёндане да нас патрапіў здымак з выявай помніка ў гонар Слуцкага Збройнага Чыну. Аднак, не было дакладнай інфармацыі ні пра месца, дзе помнік знаходзіўся, ні пра тое, ці ён увогуле захаваўся.

Помнік, усталяваны ў 1948 годзе, удалося адшукаць. Гэты знак беларускай прысутнасьці на няроднай зямлі ўзрушвае да глыбіні душы. Хочацца сказаць вялікі дзякуй немцам, якія захоўваюць чужыя помнікі. Дзякуй, што не бяруць прыклад з пэўнай краіны ў цэнтры Эўропы, краіны, што нішчыць нешматлікія манументы гісторыі і культуры свайго роднага краю.

Раніцай давялося папрацаваць над прыборкай дзялянкі і ачысткай падмурку помніку. Пасьля адбылася кароткая акцыя ўшанаваньня і рушылі далей у дарогу да Мюнхену.

У сталіцы Баварыі адбылася сяброўская сустрэча з мясцовымі беларусамі. Маем надзею, што ў хуткім часе ў гэтай нямецкай зямлі паўстане мясцовы асяродак Беларускай Нацыянальнай Памяці.

У Баварыі, сярод іншага, мы наведалі могілкі Waldfriedhof ў Мюнхене, дзе пахаваны айцец Уладзімер Салавей, які загінуў у аўтамабільнай аварыі ў 1974 г. Гэта быў каталіцкі сьвятар усходняга абраду, мітрафорны протаярэй, рэлігійны дзеяч беларускага замежжа ў Заходняй Нямеччыне, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст. Па ўспамінах людзей, якія яго ведалі, чалавек зь вялікім сэрцам, сапраўдны сьвятар. Айцец Уладзімір знайшоў спачын ва ўкраінскім сэктары побач з магіламі лідараў АУН.

Далей нашая грамада накіравалася ў Штутгарт, да апошняга прыпынку гэтай экспедыцыі. У гэтым горадзе з сярэдзіны 40-х гадоў да 1991 году жыў Зьміцер Касмовіч – нацыянальны дзеяч у часе нямецкай акупацыі Беларусі, кіраўнік Замежнага сэктару Беларускай Незалежніцкай Партыі.

Месца пахаваньня З. Касмовіча знаходзіцца на могілках Hauptfriedhof недалёка ад месца, дзе ён жыў і дзе працягвае жыць яго жонка і паплечнік Надзея Касмовіч-Міцкевіч, якая дарэчы зьяўляецца пляменьніцай Якуба Коласа. Магіла З. Касмовіча дагледжаная і добраўпарадкаваная. Пра гэта клапоцяцца яго блізкія.

На заканчэньне хацелі б падзякаваць Богу і ўсім добрым людзям, якія дапамагалі інфармацыйна і матэрыяльна нашай экспедыцыі. Безумоўна, наперадзе новыя падарожжы па закутках Эўропы. Памяць пра беларускіх дзеячаў і месцы, зьвязаныя зь Беларусяй, павінны ўшаноўвацца. Пераемнасьць паміж пакаленьнямі не павінна быць перарваная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?