Былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў аштрафаваны на 50 базавых велічынь (1150 рублёў) за ўдзел у мітынгу, які прайшоў без дазволу гарадскіх уладаў на Кастрычніцкай плошчы Мінска 1 мая.

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Пастанову вынесла суддзя Святлана Мятлёнак з Ленінскага раённага суда Мінска. На суд вядомы паэт і палітык не з'явіўся, і судзілі яго завочна.

Паводле міліцэйскага пратакола, Уладзімір Някляеў падчас мітынга на прыступках Палаца Рэспублікі выкрыкваў у мегафон лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Баста!», а потым прыняў удзел у несанкцыянаваным шэсці па ходніках праспекта Незалежнасці.

Прагляд відэа з месца падзей дадаў суду інфармацыі пра тое, што казаў паэт, звяртаючыся да мітынгоўцаў.

«Беларусь гатовая да зменаў і гатовая для новага жыцця, і тое, што мы сёння тут, пра гэта сведчыць», — гучаў голас Уладзіміра Някляева. Таксама палітык заклікаў да салідарнасці з актывістамі, якіх затрымалі ў так званай «справе патрыётаў», і да адмены дэкрэта № 3. Падчас прагляду судом відэа было таксама чуваць, як мітынгоўцы крычалі «Баста рэжыму Лукашэнкі» і «Баста рэжыму МУС».

Уладзімір Някляеў на мінулым тыдні выйшаў з ізалятара на Акрэсціна, дзе адбываў 5 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел ў несанкцыянаванай акцыі. Адразу па выхадзе палітыку ўручылі позву ў Ленінскі суд на 17 мая і папярэдзілі, што зноў будзе арыштаваны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?