Галоўны ідэолаг Міністэрства абароны, памочнік міністра Аляксандр Гура выступіў з праграмным артыкулам на старонках часопіса «Беларуская думка». Публікацыя мае назву «Асновы кансалідацыі грамадства». Вялікая частка публікацыі прысвечаная патрыятызму, а таксама незалежнасці Беларусі.

«У Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і ў Ваеннай дактрыне сярод унутраных крыніц пагроз у ваеннай сферы, ваенных небяспек на ўзроўні рызык і выклікаў Беларусі звернута ўвага на паслабленне ў грамадстве пачуцця патрыятызму, гатоўнасці грамадзян да ўзброенай абароны сваёй краіны. Гэта значыць на тое, чаго нельга дапусціць ні пры якіх умовах», — адзначае Гура ў пачатку публікацыі.

Ён піша, што Беларусь ужо склалася як незалежная дзяржава і яна мае свае нацыяльныя інтарэсы. «Нацыянальныя, а не нацыяналістычныя».

Сярод нацыянальных інтарэсаў ідэолаг называе ўзмацненне вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расіяй, а таксама павышэнне эфектыўнасці АДКБ.

Пры гэтым Гура адзначае, што любыя дзеянні, якія супярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі, будуць парыравацца. У якасці прыклада ён прыводзіць забарону ў Расіі некаторых беларускіх тавараў па «надуманых прычынах».

«Адстойванне Рэспублікай Беларусь сваіх нацыянальных інтарэсаў задавальняе не ўсіх», — лічыць ідэолаг.

«З аднаго боку, пад лозунгам «Беларусь — у Еўропу» мае месца спроба растварэння нацыянальна-культурных ідэнтычнасцяў шляхам прапаганды нібыта еўрапейскіх каштоўнасцяў. З іншага, сінхронна здзяйсняюцца ўкіды правакацыйнай інфармацыі найбольш дэструктыўнымі псеўдапатрыятычнымі сіламі ў Расіі, у прыватнасці аб штучнасці беларускай дзяржавы», — вось так у адзін шэраг Гура паставіў тых, хто выступае за інтэграцыю Беларусі з Еўропай, і расійскіх шавіністаў.

«У сувязі з гэтым мае месца дыферэнцыяванае ўздзеянне на розныя сацыяльныя групы з мэтай фармавання грамадскай думкі: у беларускіх грамадзян — пра нібыта існую пагрозу суверэнітэту Беларусі з боку Расіі; у насельніцтва Расійскай Федэрацыі — пра нібыта геапалітычны паварот Беларусі ў бок Захаду. І тое, і іншае накіравана не на кансалідацыю грамадства, а на яго разбалансаванне», — лічыць ідэолаг Мінабароны.

Аляксандр Гура піша пра тое, што некаторыя «ўплывовыя расійскія суб’екты» прынцыпова не прызнаюць незалежнасць Беларусі — Вышэйшая школа эканомікі, «Рэгнум», «Імперыя».

«Тым самым у часткі грамадства фармуецца прымітыўнае альтэрнатыўнае дуалістычнае разуменне патрыятызму (альбо русафобія, альбо «расійская» самаідэнтыфікацыя з абсалютным непрыняццем факту суверэннасці і незалежнасці ўласнай дзяржавы)».

Супрацоўнік Мінабароны прызнае, што ў грамадскім успрыманні няма поўнага разумення незалежнасці Беларусі. «Кожны ведае, што Рэспубліка Беларусь — суверэнная, незалежная дзяржава. Але ад ведаў да разумення, як той казаў, «дыстанцыя вялізнага памеру», — мяркуе спадар Гура.

Якія рэчы і падзеі, на думку ідэолага, садзейнічаюць умацаванню кансалідацыі беларускага грамадства? «Вялікая Перамога, ідэя сацыяльнай справядлівасці, базавыя каштоўнасці цывілізацыі». Гура піша пра радыкалаў, якія імкнуцца разбурыць «традыцыйныя каштоўнасці, якія цэментуюць грамадства».

«На сучасным этапе вастрыё расколу накіраванае на ўкараненне ў свядомасць людзей, перш за ўсё моладзі, прымітыўнага разумення патрыятызму, падаванага альбо пад русафобіяй, альбо пад ідэяй псеўдаімперскіх амбіцый, схаваных пад формай «рускага свету».

«Працэс фармавання нацыянальнай ідэі выключна складаны. Напрыклад, нацыянальную ідэю ўжо на мяжы 90-х гадоў мінулага стагоддзя маглі загубіць, як «прафесійныя» нацыянал-радыкалы, так і тыя, хто спрабаваў паставіць пад сумнеў само існавання беларусаў як нацыі (такія намеры неаднаразова выяўляліся і праяўляюцца, аж да прапановаў інтэграваць Беларусь у склад Расіі ледзь не ў якасці федэральнай акругі)», — лічыць вайсковец.

Аляксандр Гура нарадзіўся ў 1958 годзе ў Жытоміры (Украіна). Скончыў Ульянаўскае вышэйшае вайскова-тэхнічнае вучылішча, Гуманітарную акадэмію Узброеных сілаў Расіі. Ад 1992 — на службе ў Міністэрстве абароны Беларусі. Ад 2005 — памочнік міністра па ідэалагічнай працы. Генерал-маёр, кандыдат псіхалагічных навук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?