Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

На Еўрапейскім кангрэсе планетолагаў у Рызе прадстаўнік ESA Бернард Фоінг распавёў, што першыя пасяленцы могуць прыбыць на Месяц да 2030 года — імі стануць 6—10 навукоўцаў і інжынераў. Да 2040 года лік каланістаў пераваліць за сотню чалавек, а у 2050-м іх будзе ўжо тысяча. Да гэтага моманту можна чакаць з'яўлення першых сем'яў на спадарожніку, а далей — нараджэння дзяцей. Зараз дастаўка сваякоў у «Месяцовую вёску» абышлася б па меншай меры ў 100 мільёнаў еўра за чалавека, але ў найбліжэйшыя 20 гадоў кошт квітка можа зменшыцца ў разы.

На спадарожніку можна здабываць базальт і выкарыстоўваць здабытыя з пароды матэрыялы для 3D-друку касмічных апаратаў, запуск якіх з паверхні Месяца абыдзецца ў 40 разоў танней, чым з Зямлі. Ваду можна здабываць з лёду на месяцовых канцавоссях, а пры яе расшчапленні на вадарод і кісларод атрымліваецца сыравіна для ракетнага паліва.

У дадатак да ўсяго навукоўцы адзначаюць наяўнасць ізатопа гелію-3 — патэнцыйнае крыніцы чыстай і бяспечнай ядзернай энергіі.

Жыццё на Месяцы будзе няпростым, папярэджвае фізік Хрысціяне Хейніке з Еўрапейскага касмічнага агенцтва. Яна правяла цэлы год у 11-метровым купале з іншымі навукоўцамі, імітуючы жыццё на Марсе, і дакладна ведае, пра што гаворыць.

Знаходзячыся ўнутры жылога модуля ці звонку ў скафандры, чалавек не можа па-сапраўднаму адчуць планету. Яму няма куды дзецца ад сваіх калегаў, а замест зялёных лужкоў за акном заўсёды будуць шэрыя камяні і неба, непадобнае на зямное.

Навукоўцы таксама паскардзіліся на адсутнасць цікавасці да праекту месяцовай калоніі з боку палітыкаў, хоць навуковы свет і камерцыйныя арганізацыі даўно падтрымліваюць гэтую ідэю.

У 2018 годзе кампанія SpaceX пачне турыстычныя палёты да Месяца, але карабель Dragon 2 толькі абміне спадарожнік і верне пасажыраў на Зямлю. Між тым NASA плануе пабудаваць новую касмічную станцыю на арбіце Месяца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?