Залацісты шакал папоўніў афіцыйны спіс сысуноў Беларусі, паведаміў карэспандэнту БелТА супрацоўнік навуковага аддзела нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Вадзім Пракапчук.

Рэдкі для Беларусі від быў здабыты падчас палявання 9 снежня 2017 года ў ваколіцах вёскі Хабовічы Кобрынскага раёна.

Каб ідэнтыфікаваць невядомую жывёлу, інфармацыя і фатаграфіі былі размешчаны на паляўнічым інтэрнэт-форуме. Аператыўная сувязь дазволіла не згубіць найкаштоўнейшы асобнік — тушка і шкура жывёлы трапілі ў рукі навукоўцаў.

Узоры тканак былі заспіртаваны і адпраўленыя ў Мінск. Дэталёвы аналіз ДНК, праведзены спецыялістамі навукова-практычнага цэнтра Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз з выкарыстаннем міжнароднай базы дадзеных, пацвердзіў, што ўзоры тканак належаць даросламу самцу залацістага шакала.

«Такім чынам, гаворка ідзе пра новы, 82-і па ліку, від тэрыяфаўны Беларусі. Знакавым з'яўляецца менавіта тое, што гэта першы асобнік, для якога ёсць поўная навуковая атрыбутыка: этыкетка, чэрап, шкура, генетычныя ўзоры», — адзначыў Вадзім Пракапчук.

Залацісты шакал галоўным чынам насяляе паўднёвыя раёны Еўропы, Азію. У апошнія гады назіраецца пашырэнне арэалу яго пражывання з істотным прасоўваннем на поўнач. Так, звера ўжо неаднаразова адзначалі ў Польшчы, Літве, Латвіі. Ён аддае перавагу адкрытай прасторы — закінутыя меліярацыйныя сістэмы з мноствам каналаў, зараснікамі хмызнякоў, трыснягу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0