Сама гісторыя адбылася амаль год таму, у лютым 2017 года ў вёсцы Марусенька (Гомельская вобласць).
Раніцай на вуліцы знайшлі мужчыну, які ляжаў у снезе. Выклікалі хуткую. Прыехала брыгада са Жлобінскай раённай бальніцы.
«Пасля першапачатковага агляду фельчарка пры адсутнасці аб'ектыўных дадзеных няправільна ўстанавіла дыягназ і не выявіла прыкметы пераахаладжэння, - паведаміла Марыя Крываногава, афіцыйны прадстаўнік СК па Гомельскай вобласці. - Няправільна ацаніўшы цяжар стану пацыента, абвінавачаная ня змерала тэмпературу яго цела, не выканала глюкаметрыю і не зрабіла электракардыяграму. У мэтах утойвання дапушчаных парушэнняў, у карту выкліку хуткай медыцынскай дапамогі фельчар ўнесла звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці: аб прычыне выкліку, анамнэзе захворвання, аб агульным стане пацыента».
Таксама фельчарка напісала, што мужчына нібыта сам адмовіўся ад кардыяграмы і шпіталізацыі.
У выніку, мужчыну адвезлі дадому. Фельчарка парэкамендавала знаёмаму, каб той зняў з п’янага вільготную вопратку і з’ехала.
Праз некалькі гадзінаў хуткую ізноў выклікалі да мужчыны. Прыехала тая ж фельчарка. На гэты раз, каб дыягнаставаць смерць 62-гадовага мужчыны.
Пачалося следства.
«Паводле заключэння эксперта смерць мужчыны наступіла ў выніку агульнага пераахаладжэння арганізма ад уздзеяння надзвычай нізкіх тэмператур. У крыві памерлага знойдзены этылавы спірт у канцэнтрацыі, якая адпавядае алкагольнаму ап'яненню моцнай ступені», - паведамілі следчыя.
Фельчарка віну не прызнала.
У выніку, чацвярых супрацоўнікаў медыцынскай установы пакаралі дысцыплінарна. А фельчарку судзілі, прызналі вінаватай у неналежным выконванні сваіх абавязкаў медыка. Яна атрымала год хатняй «хіміі» і штраф 40 базавых (980 рублёў).