Альберт Шарамет. Фота Зміцер Салаўёў, facebook.com.

Альберт Шарамет. Фота Зміцер Салаўёў, facebook.com.

25 сакавіка 80-гадовы Альберт Шарамет выйшаў на плошчу Якуба Коласа. «Я раней хадзіў амаль на ўсе акцыі, а апошнія гады раблю гэта радзей, ужо і здароўе не тое, — расказвае ён. —

Пачуў па радыё, што будзе акцыя на плошчы Якуба Коласа а 12-й, але нават не думаў, што яна недазволеная. Ведаў, што канцэрт а 13-й, дык думаў, што пройдзем шэсцем да канцэрту спакойна. Калі пабачыў, што людзей мала, то зразумеў, што шэсце забароненае».

З сабой мужчына ўзяў вудачку, а таксама бел-чырвона-белы сцяг, які трымаў у пакеце.

«Прыехаў я даволі рана. Пазнаёміўся з Аляксандрам Сахаруком з Брэста, яго затрымлівалі, калі на 9 Мая ўзняў бел-чырвона-белы сцяг. Да мяне падышоў ці то палкоўнік, ці то падпалкоўнік, які параіў сысці адсюль. Я дастаў з кішэні Канстытуцыю, кажу: гэтая кніжка гарантуе мне права на мірныя сходы. Потым мяне яшчэ раз папярэджвалі, каб сышоў ад плошчы на 50 метраў. У трэці раз ужо не папярэджвалі, а затрымалі. Сказалі, што трэба прайсці для праверкі дакументаў. Я не стаў супраціўляцца», — кажа Альберт Шарамет.

У аўтазаку, у якім апынуўся спадар Альберт, было 25 чалавек. «У мяне адразу адабралі тэлефон, вуду, я баяўся, каб сцяг не забралі. Мне ён вельмі дарагі. Некалі падчас шэсця на Дзяды сцяг даў Віктар Івашкевіч, а магчымасці аддаць ужо не было».

Для Альберта Георгіевіча гэта было першае затрыманне за 80 гадоў жыцця. Адвезлі ўсіх у Савецкі РАУС.

«Паставілі на вуліцы каля нейкага плота тварам у сценку. Патрабавалі, каб рукі трымалі на плоце і нават не паварочваліся ў іх бок, каб не бачылі твары. Я чуў, як абражалі жанчын, рассоўвалі ногі мужчынам, аднаму ледзь не зламалі хрыбетнік», — працягвае аповед дзядуля.

Колькі затрыманых так мучалі?

«Вельмі доўга, у мяне не было гадзінніка, а мабільны забралі, але гэта больш за тры гадзіны. Не было нават гаворкі, каб сесці, усё на нагах.

Толькі калі праводзілі вобшук асабістых рэчаў, то я папрасіўся ў туалет — у мяне рак прастаты, — мяне адвялі, а потым прывялі назад. Забралі акуляры, таму я амаль не бачыў іхнія твары, забралі шалік, таму давялося закрывацца каўняром, было вельмі холадна нагам», — расказвае спадар Альберт.

Што ён рабіў у гэтыя хвіліны?

«Маліўся. Не за сябе, за сябе мне даўно не страшна, за сваіх родных, за іншых затрыманых».

Так атрымалася, што спадара Шарамета павялі апытваць ды вызваляць адным з апошніх: «Справа ў тым, што я апынуўся ў сярэдзіне шэрагу, а людзей выводзілі па адным з кожнага з бакоў, таму я і заставаўся амаль да канца».

* * *

Альберт Георгіевіч Шарамет нарадзіўся ў 1937 годзе. Афіцыйна — у Мінску, у рэальнасці — па дарозе ў Магілёў. Добра памятае вайну, якую спачатку заспеў у Магілёве, пасля ў Барысаве і Дамашанах.

Згадвае, як у Барысаве паліцаі перахапілі яго з маці на мосце праз Бярэзіну. «Казалі, што мы на вас нават кулі траціць не будзем, проста скінем у ваду і вы ўтопіцеся», — згадвае ён.

Вучыўся ў Магілёўскім машына-будаўнічым тэхнікуме, пасля па размеркаванні трапіў на Харкаўскі завод пад’ёмна-транспартнага абсталявання. Там жа скончыў аўтамабільна-дарожны інстытут, стаў інжынерам-канструктарам І катэгорыі. Кажа, што ягонай галоўнай любоўю і страсцю была праца з пад’ёмнымі кранамі.

У 1971 годзе пераехаў у Магілёў да маці, працаваў у Машынабудаўнічым інстытуце і Тэхналагічным універсітэце. Калі ажаніўся, пераехаў у Мінск. Працаваў у канструктарскім бюро пры Міністэрстве сельскага будаўніцтва БССР, апошнім месцам працы была «Рэмэнергамеханізацыя», адкуль ужо і сышоў на пенсію.

Ад канца 1980-ых Альберт Шарамет далучыўся да дэмакратычнага руху, падтрымліваў БНФ. Быў на першым з’ездзе БНФ у Вільні ў якасці запрошанага, а не дэлегата. Мае сына і ўнучку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?