Намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі ў інтэрв'ю «Народнай волі» распавёў аб праекце новага Закона аб СМІ. Як паведамлялася раней, прадугледжваецца ўвесці ідэнтыфікацыю асобаў, што размяшчаюць каментары на форуме.

«Напрыклад, гэта можа быць смс-ідэнтыфікацыя, праз атрыманне паведамлення з кодам. Але могуць быць і іншыя варыянты. Але пакуль праект закона, ён яшчэ не прайшоў нават першыя слуханні ў парламенце», — мяркуе намеснік міністра інфармацыі.

«Уладальнік рэсурсу павінен ведаць, хто ў яго на форуме і ў якіх выразах каментуе. Гаворка ідзе не пра тое, што форуме павінны з'яўляцца пашпартныя звесткі. Не. Чалавек можа з'яўляцца пад «нікам», але ва ўладальніка рэсурсу з ім павінна быць зваротная сувязь.

Мы сёння ў крамах, атрымліваючы дысконтную картачку, запаўняем анкеты, дзе ўтрымліваюцца персанальныя звесткі. І я не бачыў, каб нехта моцна абураўся гэтым фактам! Так і тут: ва ўладальніка інтэрнет-рэсурсу павінны быць звесткі аб каментатарах».

Павел Лёгкі таксама дадаў пра прадугледжаны ў праекце абавязак уладальнікаў інтэрнет СМІ публікаваць інфармацыю пра сябе.

«Я кожны дзень разбіраю па дзясятку з лішнім зваротаў грамадзян, што скардзяцца, што не могуць дагрукацца да ўладальнікаў сайтаў, знайсці іх кантакты — няма зваротнай сувязі. І гэта тычыцца не толькі журналісцкіх матэрыялаў — напрыклад, можа быць размешчана непраўдзівая рэклама, фэйк».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0