Ілюстрацыйнае фота. Цягач Volat Менскага заводу колавых цягачоў

Ілюстрацыйнае фота. Цягач Volat Менскага заводу колавых цягачоў.

Ва Ўкраіне пры стварэньні новых радыёлякацыйных станцый выкарыстоўваюць шасі Volat Менскага заводу колавых цягачоў, перадае радыё «Свабода».

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на сваёй старонцы ў Facebook анансаваў узоры новага пакаленьня тэхнікі, якая неўзабаве паступіць на ўзбраеньне ўкраінскага войска.

Гаворка пра радыёлякацыйныя станцыі ў фармате 3D, вырабленыя на навукова-вытворчым прадпрыемстве «Іскра» ў Запарожжы.

Паводле ўкраінскага лідэра, у высокатэхналягічнай вытворчасьці выкарыстоўваюцца ўкраінскія камплектныя часткі.

«Цяпер украінскае неба надзейна абароненае ад ворага», — заявіў Пятро Парашэнка.

Як вынікае з адмысловага роліка, перасоўная станцыя базуецца на беларускім шасі. Гэта аўтамабіль Volat Менскага заводу колавых цягачоў. МЗКЦ ёсьць адным з шасьці найбуйнейшых сусьветных вытворцаў шасі для ракетных комплексаў, іншых відаў узбраеньняў.

Да нядаўняга часу беларускае прадпрыемства МЗКЦ арыентавалася выключна на расейскі рынак. На ягоных плятформах перасоўваецца практычна ўся ўдарная сіла расейскіх Узброеных сілаў — ракетныя комплексы «Іскандэр», «Смерч», «Тарнада», «Топаль», «Топаль-М», «Ярс», «Рубеж», С-300 і С-400.

Аднак летась у траўні ў Набярэжных Чаўнах адбылася дэманстрацыя цягачоў «Платформа-О» вытворчасьці заводу спэцыяльных аўтамабіляў «Рэмдызель» — структурнага падразьдзяленьня КамАЗу. Аналітыкі зрабілі выснову пра расейскую альтэрнатыву, якая мусіць пасунуць беларусаў з трывалых пазыцый.

Незадоўга да таго прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў пра паступовы перанос вытворчасьці аўтамабільнага шасі з МЗКЦ на КамАЗ. Асноўнай прычынай названа тое, што Беларусь адмаўляецца прадаваць завод.

Раней Беларусь пастаўляла Украіне машынакамплекты МАЗ, зь якіх зьбіралі армейскія «Багданы» для Ўзброеных сіл Украіны. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?