«Сёння суд Калінкавіцкага раёна адмовіў мне ў задавальненні скаргі на дзеянні нашага выканкаму, які забараніў мне праводзіць пікет салідарнасці на цэнтральнай плошчы Калінкавіч у падтрымку лідараў Незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, — піша Дзяніс Рабянок з Калінкавіч. — Мая пазіцыя адназначная: Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе кожнаму грамадзяніну Беларусі магчымасць арганізаваць і правесці мірны сход, каб выказаць сваю думку наконт любых праблем у грамадскім жыцці нашай краіны. Тым больш па такой вострай і важнай праблеме, як крымінальны пераслед нашых калег і сяброў і ўвогуле ўмяшальніцтва ў справы нашага прафсаюза. І ўсе штучныя абмежаванні, якія ўведзеныя чыноўнікамі (спецыяльныя месцы для пікетаў і абавязковыя дамовы з міліцыяй, лякарняй і камунальнымі службамі) — гэта адкрытае парушэнне дзяржавай узятых на сябе абавязацельстваў і абмежаванне нашых правоў.

Рашэнне суда, канечне, было для мяне чаканым, тым больш што зусім нядаўна я быў назіральнікам на такім жа працэсе. Але, нягледзячы на скепсіс некаторых людзей, я лічу, што займацца такімі справамі трэба. І не толькі з пункту гледжання развіцця грамадзянкай супольнасці, адстойвання сваіх правоў і назапашвання досведу зносінаў з судовай сістэмай. Але яшчэ і для таго, каб пашыраць абсяг выкарыстання беларускай мовы, прывучаць супрацоўнікаў вертыкалі і ўсёй сістэмы ўлады да таго, што беларуская мова павінна выкарыстоўвацца ў іх штодзённай дзейнасці.

Ад заявы ў выканкам да скаргі ў суд я ўсё рабіў па-беларуску, і сёння ў калінкавіцкім судзе працэс па маёй скарзе ажыццяўляўся па-беларуску. Не хачу выстаўляць сябе хвалько, але за апошнія гады такога ў сценах калінкавіцкага суда дакладна не было. Таму працэс прайграны, але ж маленькая перамога ўсё ж такі ёсць.

Ну а сённяшняя пастанова будзе, вядома, абскарджаная ў абласным судзе, бо трэба прайсці шлях да лагічнага завяршэння. Дзякуй прававому інспектару нашага Незалежнага прафсаюза РЭП Леаніду Судаленку, які пры ўсёй занятасці на іншых кірунках тым не менш займацца і гэтай вельмі важнай працай, аператыўна і прафесійна рыхтуючы ўсе неабходныя дакументы», — піша Дзяніс Рабянок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?