Скончылася расследаванне забойства двухгадовай дзяўчынкі ў Слуцку, паведамілі БелТА ў Следчым камітэце.

«Высветлена, што 26-гадовы сужыцель маці дзяўчынкі нанёс ёй не менш за 190 удараў па розных частках цела, а яе пяцігадоваму брату — не менш за 50. Маці, маючы магчымасць спыніць дзеянні сужыцеля і паведаміць аб неабходнасці медыцынскай дапамогі дзецям, гэтага не зрабіла. Тым самым заведама пакінула без дапамогі дзяцей, маючы абавязак пра іх клапаціцца», — паінфармавалі ў СК.

Дзеянні мужчыны кваліфікаваны па двух артыкулах КК як замах на забойства двух заведама малалетніх асобаў, з асаблівай жорсткасцю, з хуліганскіх меркаванняў і забойства заведама малалетняга, з асаблівай жорсткасцю, з хуліганскіх меркаванняў). Ён знаходзіцца пад вартай.

Маці загінулай дзяўчынкі выстаўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 159 КК (пакіданне ў небяспецы). Мера стрымання - падпіска аб нявыездзе і належных паводзінах.

Справа перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Падчас расследавання было праведзена больш за 30 экспертыз, дапытана больш за 100 чалавек. Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза высветліла, што абвінавачаны мог у поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

29 студзеня ў адным з дамоў у Слуцку медбрыгада выявіла двухгадовую дзяўчынку ў цяжкім стане са слядамі збіцця. Нягледзячы на рэанімацыйныя мерапрыемствы, яна памерла. Па факце смерці малалетняй з прыкметамі крымінальнага характару распачалі крымінальную справу. Былі затрыманыя 26-гадовыя маці дзяўчынкі і яе сужыцель. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0