Старшыня Белстата Іна Мядзведзева выказалася наконт дакладнасці афіцыйных лічбаў па сярэднім заробку.

«Зыходзячы з анкет карыстальнікаў, запоўненых на нашым сайце, большасць давяраюць нашым дадзеным, — патлумачыла яна ў інтэрв'ю «Советской Белоруссіі». — Мы стараемся быць максімальна адкрытымі, не трымаем у сакрэце метадалогіі, па якіх разлічваецца той ці іншы паказчык ці горада. Іншае пытанне, што такія сацыяльна значныя паказчыкі, як сярэдняя зарплата або індэкс спажывецкіх цэн, заўсёды выклікаюць мноства сумневаў. Як прафесіяналы-статыстыкі, мы разумеем: лічба адлюстроўвае нейкі асераднёны паказчык. Але многія спрабуюць яго перанесці на сябе і кажуць: а мая зарплата меншая. Ці, па маіх назіраннях, цэны растуць хутчэй. Мы ставімся да гэтага з разуменнем. Увесь час публікуем прэс-рэлізы з тлумачэннямі, шчыльна працуем з прэсай. Праводзім прамыя тэлефонныя лініі.

Магу вас запэўніць: беларускі індэкс спажывецкіх цэн (ІСЦ) разлічваецца па такой жа метадалогіі, як ва ўсім цывілізаваным свеце.

Яе распрацоўвае Міжнародны валютны фонд. Іншае пытанне, што ў кожнай дзяржаве вызначаецца свой спажывецкі кошык для вылічэння ІСЦ. Але ён атрымліваецца на аснове вывучэння спажывецкіх расходаў хатніх гаспадарак. У Беларусі асноўнымі для насельніцтва з'яўляюцца 460 тавараў і паслуг, штогод мы збіраем да 65 тысяч катыровак цэнаў. Уяўляеце, які аб'ём інфармацыі мы атрымліваем! І кожная цана ўваходзіць у ІСЦ са сваёй удзельнай вагой у спажывецкіх выдатках. Але, зноў жа, мы атрымліваем нейкі асераднёны вынік.

Напрыклад, у ліпені здарылася дэфляцыя: ІСЦ знізіўся на 0,2 адсоткавага пункта. Асноўны фактар — сезонны: патаннела садавіна і гародніна. Так, ураджай памідораў выдатны, іх шмат, яны недарагія. Але калі паглядзець на кошты па іншых прадуктах харчавання — так, пэўны рух уверх.

Несумненна, у кожнага чалавека ёсць нейкі паказчык асабістай інфляцыі, зыходзячы з яго структуры спажывецкіх расходаў. На бюджэт сем'яў з невысокімі даходамі, натуральна, у першую чаргу будзе ўплываць кошт тавараў першай неабходнасці.

А пры разліку ІСЦ ўлічваецца кошт і тэлевізараў, і халадзільнікаў, і аўтамабіляў… Але іх жа таксама нехта набывае. І іх цэны ўплываюць на сукупную пакупніцкую здольнасць нацыянальнай грашовай адзінкі. Несумненна, адчуванні коштаў насельніцтвам, яго інфляцыйныя чаканні вельмі важныя. І мы праводзім адпаведныя даследаванні пры выбарачным абследаванні хатніх гаспадарак. З нашага вопыту магу сказаць: на адчуванні людзей ўплывае не толькі фактычная сітуацыя, але і самыя разнастайныя фактары. У тым ліку знешнія. Вялікае значэнне людзі надаюць курсавым зменам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0