Пакуль беларускі Мінінфарм плануе пачаць ідэнтыфікаваць каментатараў у інтэрнэце па нумары тэлефона, у Кітаі вырашылі пайсці яшчэ далей. Кампанія Google распрацоўвае пошукавік Dragonfly для Android, які будзе блакаваць забароненыя ў Кітаі запыты і прывязваць інфармацыю пра дзеянні карыстальнікаў да нумароў іх мабільных тэлефонаў, паведамляе The Intercept.

Dragonfly зробіць магчымай цэнзуру кантэнту ў адпаведнасці з патрабаваннямі кітайскага ўрада і дазволіць яму кантраляваць дзеянні карыстальнікаў.

Паводле крыніцы, з пошукавых запытаў будзе прыбірацца інфармацыя, якая тычыцца палітычных дысідэнтаў, свабоды слова, дэмакратыі, правоў чалавека, мірных пратэстаў. Таксама Google стварыла спіс з цэнзурай такіх слоў на мандарынскай мове, як «правы чалавека», «студэнцкія пратэсты», «Нобелеўская прэмія».

Вядучыя праваабарончыя арганізацыі крытыкуюць Dragonfly, сцвярджаючы, што такім чынам Google «спрыяе парушэнням правоў чалавека». Даныя ад Google могуць быць даступнымі для ўладаў Кітая, дапамогуць ім пераследаваць палітычных актывістаў і журналістаў.

Крыніца ў кампаніі таксама адзначыла, што Android-праграма будзе прывязваць пошукавыя запыты да нумароў мабільных тэлефонаў карыстальнікаў. Гэта дазволіць адсочваць іх дзеянні ў сетцы.

Google публічна адмахваецца ад сувязяў з цэнзурай Кітая. Інфармацыя пра Dragonfly з'явілася шэсць тыдняў таму. За гэты час кампанія, як піша The Intercept, адмовілася супрацоўнічаць у гэтым пытанні з праваабаронцамі і не адказвае на дзясяткі журналісцкіх запытаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0