У Гатаве пад Мінскам жанчына параніла мужа нажом падчас святкавання гадавіны вяселля. Пра гэта паведамляе мінская абласная міліцыя.

Жыхар Гатава быў дастаўлены ў бальніцу з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі 28 кастрычніка. Медыкі канстатавалі ў 37-гадовага мужчыны пранікальнае нажавое раненне падуздышнай вобласці і алкагольнае ап’яненне. «Пацярпелы спрабаваў пераканаць аператыўнікаў, што на яго напалі незнаёмцы ў завулку. Пры гэтым мужчына казаў, што ні аднаго з іх не запомніў і не можа апісаць прыкметы. Аднак у супрацоўнікаў міліцыі ўзніклі падазрэнні. Пры апытанні сведак і правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў высветлілася, што ён хлусіць», — распавёў начальнік аддзела крымінальнага вышуку Мінскага РУУС Андрэй Ёда.

У дзень здзяйснення злачынства муж і жонка адзначалі 18-годдзе з дня ўтварэння іх афіцыйнага сямейнага саюза. Святкаванне не абышлося без алкаголю. Паміж мужам і жонкай паўстаў канфлікт, які перарос у сур’ёзную сварку. «Пасля інцыдэнту пара і не думала выклікаць медыцынскую дапамогу. Сумеснымі намаганнямі яны спрабавалі спыніць крывацёк. Аднак звярнуцца па дапамогу ўсё ж прыйшлося, таму была прыдуманая гісторыя пра хуліганаў, якія нібыта беспадстаўна напалі на мужчыну», — адзначыў Андрэй Ёда.

Пацярпелы знаходзіцца ў бальніцы ў здавальняючым стане, яго жыццю і здароўю нічога не пагражае. А ў дачыненні да яго жонкі ўзбуджаная крымінальная справа па ч.1 арт.147 КК (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання). Яго санкцыя прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 8 гадоў. Праводзіцца расследаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?