Гэтыя падзеі адбываліся ў нядзелю ў вёсцы Чамялы, што ў Івацэвіцкім раёне. Падрабязнасці агучыў партал ivatsevichy.by.

У доме А., 67-гадовага мясцовага жыхара, днём і вечарам «тусаваліся» яго сябры і родзічы. Распівалі спіртныя напоі, гутарылі пра жыццё-быццё. Сярод прысутных быў і 31-гадовы пляменнік: ён прыйшоў да дзядзькі са сваёй 43-гадовай сяброўкай, асобай цыганскай народнасці, з якой ён пазнаёміўся на Пружаншчыне і з якой зараз прыехаў на радзіму.

Калі госці разышліся, то гаспадар раптам высветліў: дзесьці прапалі 170 рублёў. Яго падазрэнні адразу ляглі на сяброўку пляменніка. Маўляў, украсці магла толькі асоба цыганскай народнасці. А. накіраваўся ў дом да пляменніка.

У ходзе «разбіральніцтваў» раз’юшаны А. ударыў нажом сяброўку пляменніка, хаця яна клялася і бажылася: грошай не брала. Пасля ён пайшоў дамоў, стаў яшчэ раз перабіраць свае рэчы і… знайшоў гэтыя 170 рублёў у кішэні штаноў. Ён раней іх пераклаў і забыўся, а параніў нажом зусім невінаватую жанчыну, якая зараз знаходзіцца на бальнічным ложку.

Вырашаецца пытанне аб завядзенні крымінальнай справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?