У Германіі ў крыві мужчыны было так шмат тлушчу, што яна стала малочнага колеру. Мужчына пакутаваў ад дыябету, але не прымаў неабходныя прэпараты. Ён мог памерці, але лекарам атрымалася выратаваць яго, ужыўшы даўно забыты метад.

Дактары сутыкнуліся з такім упершыню.

39-гадовы мужчына трапіў у аддзяленне неадкладнай дапамогі з млоснасцю, ванітамі, галаўным болем і азмрочанай свядомасцю. Ён пакутаваў на дыябет і павінен быў рэгулярна прымаць пэўныя прэпараты, але не рабіў гэтага. У шпіталі мужчына страціў прытомнасць — каб ён не задыхнуўся, спатрэбілася дыхальная трубка.

Аналіз крыві паказаў надзвычай высокі ўзровень трыгліцарыдаў — тлушчавай субстанцыі. У норме ён складае менш за 150 г/дл, а ўзровень больш за 500 мг/дл ўжо лічаць вельмі высокімі. У пацыента ўтрыманне трыгліцарыдаў ў крыві было звыш 14 тысяч мг/дл.

Такое павышэнне ўзроўню трыгліцарыдаў магло прывесці да панкрэатыту. Аналізы паказалі павышэнне ўзроўню ферментаў падстраўнікавай залозы. Акрамя таго, у мужчыны быў знойдзены кетаацыдоз — вострае ўскладненне праз дыябет, калі арганізм з вялікай хуткасцю расшчапляе тлушч і ў крыві назапашваюцца кетонавыя целы — прадукты абмену рэчываў. У пэўных колькасцях яны важныя для энергетычнага балансу арганізма, але іх лішак здольны прывесці да комы.

Для ачысткі крыві ад трыгліцарыдаў выкарыстоўваецца плазмаферэз — забор крыві, яе ачышчэнне і вяртанне назад у крывацёк.

Аднак лекараў чакала неспадзяванка: апарат для ачысткі крыві проста забіўся тлушчам і зламаўся. Двойчы. Таму ім прыйшлося рабіць пацыенту кровапусканне, паралельна уводзячы донарскую плазму.

Гэта дапамагло знізіць канцэнтрацыю трыгліцарыдаў. Пазней лекары паўтарылі працэдуру. Праз два дні ўзровень трыгліцарыдаў ў крыві пацыентаў панізіўся настолькі, што лекарам, нарэшце, удалося правесці плазмаферэз. Яшчэ праз некалькі дзён чалавек змог дыхаць сам і дактары выдалілі трубку.

Дактары прызнаюцца, што сутыкнуліся з падобным выпадкам упершыню. Яны адзначаюць, што ў выпадках, калі плазмаферэз немагчымы, кровапусканне і далейшае выкарыстанне донарскай крыві можа быць эфектыўнай альтэрнатывай. «Наколькі нам вядома, гэта першая справаздача, які апісвае гэтую працэдуру», — гаворыцца ў артыкуле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0