Ці мае Парашэнка шанцы на камбэк у другім туры? Гэта малаімаверна. У палітыцы калі тумблер пераключыўся, адшчоўкнуць яго назад цяжка. Ніхто з кандыдатаў другога эшалона Парашэнку не падтрымае. Выбарцы і Бойкі, і Цімашэнкі, і Грыцэнкі цяперашняга прэзідэнта пераважна не любяць. 

Адзіны шанец Парашэнкі — на тэледэбаты. Аднак тэледэбаты — фармат спецыфічны, там трэба не глыбіня ведаў пра эканоміку і камандаванне, а хуткасць рэакцыі і пачуцце гумару. З гэтым у коміка Зяленскага поўны парадак.

Чытайце таксама: «Слуга народа — 3»: фільм, які можа паўплываць на вынікі ўкраінскіх выбараў

Калі б на выбары пайшоў Вакарчук, то, мусіць, у другім туры мы б назіралі двубой яго з Зяленскім. А так пратэставы і малады выбаршчык прагаласаваў за Зяленскага нават у заходняй і цэнтральнай Украіне. 

Праеўрапейскія кандыдаты без Зяленскага ў абласцях поўдня і ўсходу Украіны набралі разам каля 20% галасоў. Гэта менш, чым Юшчанка ў 2004 годзе і Цімашэнка ў 2010-м. «Электаральны цэнтр» гэтым разам падтрымаў дэідэалагізаванага Зяленскага. Гэта лішні раз пацвярджае правіла, што трэба мець яркага, прывабнага кандыдата, каб мабілізаваць пад свае сцягі шырокі спектр выбарцаў.

Прарасійскі Юрый Бойка набраў больш, чым яму давалі экзіт-полы. Калі б не канкурэнт Вілкул, Бойка змагаўся б з Парашэнкам за выхад у другі тур.

Чытайце таксама: Расія хоча, каб Парашэнка сышоў

Электарат нацыяналістаў са «Свабоды» перацягнуў сабе Пятро Парашэнка, але ягоныя «Армія, мова, вера» не знайшлі водгуку па-за самым свядомым рэгіёнам Украіны — гістарычнай Галіччынай, грэка-каталіцкімі вобласцямі. Нават праваслаўныя Валынь, Роўна і Букавіна гэтым разам упершыню прагаласавалі за Зяленскага.

Глядзі таксама: Падлік галасоў ва Украіне па рэгіёнах

Такое ўражанне, што Парашэнка перастаў адчуваць свой народ, які гэтым разам турбавала эканоміка, а не аўтакефалія, не нацыябудаўніцтва, з якім, акурат, ва Украіне ўсё ўжо крута. Нават у паслявыбарчым спічы Парашэнка працягваў размахваць жупелам расійскай пагрозы, хоць выбаршчык ясна яму паказаў, што яго не тое хвалюе. Economy, stupid! 

Чытайце таксама: Парашэнка: Расію на перамовах з Украінай будзе прадстаўляць не Максім Галкін

Аляксандр Лукашэнка перад першым турам ускосна падтрымаў Парашэнку — перадусім таму, што яму хочацца, каб прэзідэнты не мяняліся. (Дарэчы, Парашэнка не здагадаўся гэтую падтрымку выкарыстаць.) Аднак амаль непазбежны цяпер ужо прыход да ўлады Зяленскага наўрад ці што зменіць у адносінах Украіны і Беларусі, якія залежаць не ад асобаў, а дыктуюцца халодным эканамічным разлікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?