З новага году «Саюздрукі» Меншчыны спынілі продаж незалежнай газэты ў рэгіёне. Цяпер выданьне, якое на 29 сьнежня мела наклад 8500 асобнікаў, можна набыць ураздроб у чатырох крамках у Маладэчне, па аднэй у Вялейцы, Валожыне, Мядзелі, Чысьці, а таксама ў шапіках у Астраўцы, Смургонях, Ашмянах. Прыватнікі — не панацэя: празь іх распаўсюджвалася 10—15% накладу. 70% ішло праз шапікі.

«Менскаблсаюздрук» тлумачыць адмову тым, што ім нявыгадна прадаваць выданьне. «Няпраўда! — абураны рэдактар газэты Аляксандар Манцэвіч. — У Мядзеле мы ўваходзілі ў тройку лідэраў: там прадавалася праз «Саюздрук» 1600 асобнікаў. У Маладэчне — 2 тыс. асобнікаў».

Ноў-хаў маладачанскае сытуацыі ў тым, што месца «Рэгіянальнай» у шапіках займае іншае выданьне. Прадаўцы прапануюць... «региональный» маладачанскі выпуск «Из рук в руки». Пакупнікам тлумачаць, што «выданьне будзе заміж «Рэгіянальнай». Некалькі месяцаў таму прадстаўнікі «Из рук в руки» вялі перамовы з газэтай, каб тая адмовілася ад брэнду і перайшла «пад дах» расейскамоўнага холдынгу. А.Манцэвіч адмовіўся.

Галоўная рэдактарка «Из рук в руки» Вольга Краўчанка пацьвердзіла карэспандэнту «НН» выдавецкія пляны на маладачанскі рэгіён: «Мы вывучалі рэгіён і палічылі, што праект будзе мець посьпех». Наконт прычынаў выбару менавіта Маладэчаншчыны спн.Краўчанка казаць адмовілася: камэрцыйная таямніца. Але зазначыла, што ў іншых раёнах такіх выпускаў холдынг ня мае.

«Рэгіяналка» ў сваіх публікацыях палітыкі не кранала. Рэпрэсіі супраць яе паказваюць, што лукашысты б’юць па ўсіх незалежных выданьнях, ня толькі палітычных. Каб засталіся толькі купленыя з вантробамі бэабахтэры.

Крыніцы ў Адміністрацыі прэзыдэнта ўсё пашыралі чуткі, што ўдушэньне незалежных газэтаў — захад часовы. Маўляў, ці то з студзеня, ці то зь лютага ўсіх, хто будзе «паводзіць сябе добра», вернуць у продаж. Маўляў, дні «Замяталіна ІІ» — палкоўніка Праляскоўскага — зьлічаныя, а тады ўсё вернецца. Ёсьць прастакі, што дагэтуль лукашыстам вераць…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?