Павел Ганчар — дырэктар воблачнай ІТ-кампаніі ActiveCloud, ён і ў жыцці, і ў бізнэсе ён камунікуе па-беларуску. У інтэрв'ю Digital Unicorn каледжу Павел адказаў на пытанні, якія цікавяць усіх, хто займаецца развіццём у IT або толькі плануе свой шлях у індустрыі. 

Ён расказаў, што яму дае матывацыю, з якімі людзьмі можна ісці наперад і не згарэць, патлумачыў, навошта бізнэсмену беларуская мова, а таксама даў каштоўныя парады маладым айцішнікам. 

Пра матывацыю ў прафесіі 

«Калі ты інжынер, праграміст і тры месяцы не ў прафесіі — ты ўжо безнадзейна адстаў, ты ўжо недзе ў ар'ергардзе знаходзішся».

«Сярэдні менеджмент — абавязковая ступень у развіцці будучага дырэктара, бо менавіта там закладаецца твой стыль, на гэтым узроўні трэба камунікаваць значна больш і ўлада не даецца за так, апрыёры, ты яе павінен зарабіць, пераканаць тваіх калег, што ты яе варты. Каб рэалізаваць паспяховы праект у буйной кампаніі, будучы менеджарам сярэдняга звяна, ты мусіш быць дзікім камунікатарам, асабліва ў вялікай кампаніі, дзё ёсць барацьба за рэсурсы, амбіцыі і ўяўленні пра правільныя мадэлі паводзінаў». 

«Працуе сапраўдны аганёк, твая жарсць, жаданне зрабіць нешта вартае, цікавае, і вось гэта запальвае тваіх калег, потым, калі ты становішся дырэктарам, гіперважна гэты агеньчык не страціць. Ты не знойдзеш гэты агеньчык, капіюючы чужыя паводзіны, чужую бізнэс-мадэль». 

Пра каманду 

«Вы павінны шукаць людзей, якім ёсць чым падзяліцца, якія не проста прыйшлі свае амбіцыі рэалізаваць, або прафесіяналы — такі акуратны пакуначак з функцыямі — не тое, бо акрамя функцыі патрэбны баланс энергіі са знакам + — гэты чалавек павінен энергіяй дзяліцца». 

«Паводле найбольш папулярнай сярод эйчараў класіфікацыі Адзізэса, каманды фармуюцца з 4 ці больш тыпаў драйвераў: павінны быць людзі з прадпрымальніцкім падыходам, павінны быць адміністратары, якія ўсё гэта аформяць, павінны быць людзі, якія будуць пушыць, і павінны быць людзі, якія будуць іх інтэграваць — вось гэта ідэальная каманда, у розных прапорцыях». 

«Нармальныя памылкі — абсалютна здаровая гісторыя, і, больш за тое, яна павінна ўхваляцца, бо досвед пераадолення памылак і наяўнасць іх у тваім партфоліа ўмацоўвае цябе. Ісці новым шляхам, калі ты не робіш памылак — ніяк». 

Пра мову і незалежнасць

«Мы знаходзімся ў посткаланіяльным стане, ад кожнага з нас залежыць пытанне беларускай мовы, выжыве яна ці не. Я разумею, што кожным адказам «ад мяне гэта не залежыць, я буду рабіць, як соцыум ад мяне патрабуе (не так ужо і патрабуе, а намякае на шлях найменшага супраціву), яна і памірае». 

«Мне было ўжо трыццаць з каптурком, я неяк паслухаў навагодні зварот Уладзіміра Арлова з заклікамі «пераходзьце на беларускую». Мяне гэта тады вельмі ўразіла. Я падумаў пра сябе: сярод тых людзей, якіх я ведаю, я сам чалавек з самым звярыным характарам, на шляху самаабмежавання я магу пайсці вельмі далёка — і ў мяне гэта атрымаецца. Калі я гэтага не зраблю — яна і праўда памрэ, гэтая мова. Калі я гэта зраблю, то, магчыма, мой прыклад кагосьці натхніць, бо гэта не сацыяльна чакана ад мяне — я не пісьменнік».

«Наша незалежнасць яшчэ ў дзіцячы садок не пайшла, пойдзе ў дзіцячы садок — там яе і навучаць правільнай мове, бо тое, што мы маем апошнія 20 гадоў, — проста фрэзанулі Савецкі Саюз». 

«Калі ў свеце межы становяцца ўмоўнымі, то ў нас яны не ўмоўныя, таму мы лёгка можам ставіцца да сваёй ідэнтычнасці: 10 мільёнаў застанецца ў гэтым загоне, і там сцяна, і там… А ўнутры Еўрасаюза ўжо межаў няма, то там, калі адкрываюцца межы для бежанцаў, пытанне існавання нацыі паўстае. А мы да гэтага вельмі лёгка ставімся».

Пра мары і ІТ-краіну

«Гэта прыгожая мара, калі ў яе павераць шмат людзей — яно так і будзе. Гэта прыгожы неаміф, мадэль для эканомікі, нешта такое, вакол чаго хочацца аб'яднацца. Але гэта хоць нейкая стратэгія, бачанне сябе як краіны, як эканомікі ў перспектыве 15—20 год». 

Самарэфлексія 

«Менеджару верхняга звяна абавязкова трэба мець бізнэс-адукацыю і профільную адукацыю ў той галіне, дзе ты збіраешся працаваць, бо проста афіцэры (дырэктары) нікому не патрэбныя, з імі справіцца не надта дарагі адміністратар». 

«Некалькі рэінкарнацый, якія мне ўдалося правесці ў сваёй кар'еры, дазволілі зразумець, пра што я, што мне цікава, што я магу прапанаваць». 

«Каманда на першым месцы, бо адзін у полі не воін у менеджменце ніколі».

«Што мяне зрабіла мной? Я ніколі не кідаў вучыцца — гэта раз. Другое, мяне ніколі не матывавала ўлада. Улада ў наёме — гэта наогул вельмі танны прадукт, ён дастаецца практычна за так». 

«Мне заўсёды хацелася зрабіць вакол сябе прыгожа. Гэта тычыцца не толькі маёй сям'і, саду, дома, гэта тычыцца ўсяго, чым я займаюся. Я ўпэўнены, што паспяховы бізнэс мае ў сабе рысы прыгажосці». 

Парады маладым 

«Пачынаць як мага раней і вучыцца. Трэба ўвязвацца, потым наогул разумець, пра што гэта. Мара бачыць сябе нейкім абстрактным айцішнікам — ужо добры матыватар на тое, каб змяніцца». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0