На волю выйшаў святар-неанацыст Канстанцін Бурыкін. Ён адседзеў тры гады за незаконны абарот зброі.
Пры гэтым нядаўна яго старэйшая дачка Аляксандра расказала аб сэксуальным гвалце з боку бацькі і мачахі.
Чытайце: «Расказала толькі маме, на яе магіле»: жудасная споведзь дачкі «бацюшкі са свастыкай» пра тое, што ён рабіў з ёй
Крымінальную справу распачалі, але абвінавачанне «бацюшку са свастыкай» пакуль так і не выставілі.
Што Аляксандра Бурыкіна думае пра выхад бацькі з калоніі? Пра гэта яна эмацыйна выказалася «Нашай Ніве».
«Я ў шоку! Гвалтаўнік на волі! Так агідна, у нас ні за што могуць пасадзіць і знайсці доказы, а тут… Я прайшла паліграф у Навінках, ён паказаў, што я не хлушу. А ён прайшоў паліграф? Адмовіўся! На вочнай стаўцы сказаў, што ў яго скача ціск і ёсць тахікардыя. І ён, маўляў, баіцца, што апарат прыме тахікардыю за доказ ягонай хлусні. Смешна! На вочнай стаўцы ён казаў мне, што гэта мяне падбухторылі, прасіў спагады, казаў, што «Бог усё бачыць». У мяне тады пачалася істэрыка: ты будзеш расказваць мне пра Бога?
Я не ведаю што цяпер рабіць. Нават з улікам, што яго дэпартуюць [Бурыкін — грамадзянін Расіі — «НН»], граніцы між Беларуссю і Расіяй няма. Ён рана ці позна прыедзе і заб'е мяне.
Я ў роздумах, што мне рабіць. Я ніколі ім, мачасе і бацьку, гэтага не дарую. Хоць гэта не па-боску, але я хачу, каб ён сканаў», — сказала Аляксандра.
Яна не хоча, каб Канстанцін Бурыкін ведаў план яе далейшых дзеянняў, таму не агучвае яго.